Хто такія “хазеры”, якія жылі на Дубравенцы, і хто быў першым яўрэем, што трапіў у Актавыя кнігі магілёўскага магістрата.
Гісторык Аляксей Бацюкоў вядзе цыкл лекцыяў, прысвечаных гісторыі Магілёўшчыны на сваім канале ў Youtube. Яго новая лекцыя пад назвай “Лявей Шавулавіч судзіцца з Багданам Барэйкавічам” прысвечаная гісторыі беларускіх і магілёўскіх яўрэяў у прыватнасці.
Бацюкоў акрэслівае асноўныя этапы і шляхі міграцыі яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. Першы, самы старажытны перыяд рассялення яўрэяў на нашых землях мог пачацца яшчэ ў Х – ХІ стагоддзях і быў звязаны з выхадцамі з Хазарскага каганату, што вызнавалі іўдаізм. Легендарызаванай звесткай пра гэта магла служыць народная прымаўка пра “хазераў”, якія жывуць на Дубравенцы. Яна была вядомая сярод старых магілёўскіх яўрэяў і гучала так: “Дзеці, не хадзіце на Дубравенку, там жывуць адны хазеры!” Па ўспамінах старых магілёўцаў, дубравенкаўскія “хазеры” выдзяляліся сярод астатніх яўрэяў тым, што займаліся пераважна рамёствамі – трымалі свае лесапілкі і кузні – а таксама лавілі рыбу.
Другі этап рассялення яўрэяў на Беларусі пачаўся ў XIV стагоддзі, калі на нашых землях паявіліся першыя задакументаваныя абшчыны, у Берасці і Гародні. Менавіта берасцейскія яўрэі, што найбольш верагодна, далі пачатак магілёўскай яўрэйскай абшчыне – выказвае меркаванне Аляксей Бацюкоў. Таксама ён прыводзіць цытаты з першых дакументаў, у якіх фігуруе першы магілёўскі яўрэй. Гэта Лявей Шавулавіч, які судзіўся з магілёўскім купцом, лаўнікам гарадскога магістрату Багданам Барэйкавічам. З матэрыялаў судовай справы становіцца зразумела, што пазычаныя ў Лявея Шавулавіча грошы Багдан Барэйкавіч так і не вярнуў, нягледзячы на шматлікія прадпісанні магістрату.