Будаўніцтва новага электрадома ў Чэрыкаве прыцягнула ўвагу мясцовага чынавенства і журналістаў. “Веснік Чэрыкаўшчыны” пабываў на будоўлі чатырохпавярховіка па вуліцы Ракасоўскага і падзяліўся ўражаннямі.
Калі ўнутранае аздабленне на двух ніжніх паверхах выявілася дастаткова прыстойным, то два верхнія паверхі паказалі відавочную спешку альбо абыякавасць будаўнікоў. Часам шпалеры адставалі ад сцяны з боку столі альбо падлогі, былі паклееныя ў нахлёст. У адной з кватэр дзвярны праём быў элементарна запенены, і мантажная пена засталася навідавоку ў пакоі. На самым верхнім паверсе з адтуліны для люстры на ламінат крапала вада, а шпалеры на сценах пацямнелі з-за падцёкаў. Дзе-нідзе шпон адстае ад дзвярэй.
Электрадом у Чэрыкаве разлічаны на восем кватэр, тры з якіх будуць сацыяльнымі, а пяць арэнднымі. Дом узводзіцца з лета 2022 года. Усё жыццезабеспячэнне ў ім будзе сілкавацца электрычнасцю – электрычнымі будуць батарэі і пліта.
Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”