Першая таблічка з QR-кодам з’явілася на ўваходнай браме Кармеліцкага касцёла ў Мсціславе. На ёй размешчаны назва касцёла на рускай і англійскіх мовах, а таксама код, з дапамогай якога можна прачытаць інфармацыю пра каталіцкую святыню старадаўняга ўсходнебеларускага горада.
Спасылка QR-кода вядзе на сайт Мсціслаў.info, які пазіцыянуецца як пуцевадзіцель па горадзе. Тут пададзена кароткая інфрамацыя пра касцёл з дзясяткам фотавыяў вонкавага і ўнутранага аблічча святыні. Утым ліку тут ёсць здымкі знакамітых фрэсак, што адлюстроўваюць разню мірнага насельніцтва Мсціслава маскоўскімі войскамі ў 1654 годзе. Гэта сумная падзея ўвайшла ў беларускую гісторыю пад назвай “Трубяцкая разня”, атрымаўшы сваю назву ад прозвішча маскоўскага ваяводы Аляксея Трубяцкога.
Верагодна, варта чакаць паяўлення таблічак з QR-кодамі і на іншых памятных месцах горада, што значна палепшыць турыстычную прывабнасць аднаго з найцікавейшых гарадоў Магілёўшчыны.