Найбольшыя шанцы мае Магілёў.
Зараз у Беларусі працуе адзін ліцэй МУС – у Мінску. Беларусаў просяць выказацца пра тое, у якім абласным цэнтры, акрамя сталіцы, варта адкрыць другую спецыялізаваную навучальную ўстанову. Паводле нашай інфармацыі Магілёў.media, магілёўскіх школьнікаў і бацькоў просяць прыняць удзел у галасаванні на сайце МУС і выбраць менавіта Магілёў.
Акрамя выбару месца адкрыцця ліцэю, на галасаванне вынесена таксама пытанне пра пол навучэнцаў. Прапануецца, каб гэта былі не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі.
Размовы пра верагоднасць адкрыцця ў Магілёве ліцэю МУС вядуцца ўжо некалькі гадоў. Міністр унутраных спраў у пачатку навучальнага года заявіў, што прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні ліцэя ў адным з рэгіёнаў Беларусі, для чаго ідзе вывучэнне грамадскай думкі.
У “Спецыялізаваны ліцэй МУС Беларусі” можна паступіць з 12 гадоў, пасля заканчэння шасці класаў сярэдняй школы. Тэрмін навучання ў ліцэі – 5 гадоў, пасля чаго навучэнцы на льготных умовах паступаюць у міліцэйскія ВНУ краіны.
Выглядае, што найбольш верагоднай пляцоўкай для размяшчэння новага ліцэю выступае Магілёў, бо тут знаходзіцца Інстытут МУС РБ – ёсць выкладчыцкія кадры. Можна знайсці і матэрыяльна-тэхнічную базу, напрыклад, выкарыстаўшы памяшканні адной з закрытых прафесійна-тэхнічных устаноў.
З іншага боку, у Магілёве ўжо ёсць абласная кадэцкая вучэльня. У верасні 53 яе выхаванцы прайшлі курс маладога байца і прынялі прысягу на вернасць Радзіме і кадэцкаму братэрству.