Мікалаеў рыхтуецца да поўнамаштабнага ўварвання расейцаў. Латышоў, якія едуць па бязвізу ў Беларусь, папярэджваюць аб магчымых правакацыях


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

(Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Горад пакінула палова яго насельніцтва. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой»)

Улады Мікалаева рыхтуюцца да поўнамаштабнага ўварвання ў горад расейскіх войскаў. Паводле мэра Аляксандра Сянкевіча ў самім горадзе і ўскрайках узводзяцца фартыфікацыйныя збудаванні. Падвозіцца ваенная тэхніка, якую расейцы пакінулі адступаючы два месяцы таму.

«Мы бачым, што Расея перакідвае ўзбраенне і ваенныя рэсурсы праз Крым. Яны назапашваюць іх у Херсонскай вобласці. І так, мы чакаем нападу або аблогі гораду», – цытуе Сянкевіча інтэрнэт-выданне «ГОРДОН».

Мэр Мікалаева нагадвае, што «у сакавіку горад быў абложаны на дзве траціны», але ўзброеныя сілы Ўкраіны змаглі іх адкінуць«.

Адрамантаваць Днепра-Мікалаеўскі водаправод, які забяспечвае вадой горад немагчыма, бо месца пашкоджання пастаянна абстрэльваецца, адзначае старшыня Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім.

«Месца, дзе трэба адрамантаваць трубу, знаходзіцца ў «шэрай» зоне паміж нашымі войскамі і расейскімі акупантамі, – цытуе яго выданне « Укрінфарм». – Там лінія агню, пастаянны абстрэл. Нават калі мы гэта выправім, ёсць верагоднасць, што ворагі ўзарвуць яго ў іншым месцы».

Мікалаеў без цэнтралізаванага водазабеспячэння ад 12 красавіка. Жыхарам прывозяць ваду ў цыстэрнах. Каб набраць яе людзі выстойваюць у чэргах. Развозяць ваду на грамадскім транспарце. Камунальнай службай запушчаны «водны трамвай», піша выданне «Николаевские новості»

Больніцы, як запэўнівае кіраўніцтва гораду, вадой забяспечаныя. Для іх выкапаныя калодзежы і прабіты свідравіны.


Каменскае, Украіна

(пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным)

У Каменскім збіраюцца адкрываць гарадскія паркі. Такія намеры мэр Андрэй Белавусаў патлумачыў тым, што ў горадзе шмат перасяленцаў з дзеці, якім трэба стварыць умовы, каб яны забылі хоць на хвіліну пра вайну, адзначае інфармацыйны рэсурс 5692.


Даўгаўпілс, Латвія

(горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск)

У Латвіі папярэджваюць грамадзян, якія збіраюцца скарыстацца абвешчаным афіцыйным Мінскам бязвізавым наведваннем Беларусі, аб магчымых там правакацыях.

Рэжым Лукашэнкі падтрымлівае ваеннае ўварванне Расеі ва Ўкраіну, супраць Беларусі ўведзеныя міжнародныя санкцыі і няма падставаў лічыць, нібыта, бязвізавы рэжым уведзены з якісьці чалавекалюбных памкненняў, засцерагае Міністэрства замежных справаў Латвіі.

«Чалавек можа што-небудзь сфатаграфаваць, або сказаць і раптам будзе абвешчаны шпіёнам НАТА», – падае словы міністра замежных спраў Эдгара Рынкевіча выданне «Наша газета».

Афіцыйны Мінск сваё рашэнне аб часовым скасаванні візаў тлумачыць імкненнем умацаваць добрыя дачыненні з суседнімі краінамі і стымуляваць прыезд у Беларусь турыстаў.

У сувязі з існуючай эканамічнай сітуацыяй і павышэннем коштаў на энерганосьбіты ў Даўгаўпілсе падымаюць кошты на праезд у грамадскім транспарце. Яны заставаліся нязменнымі ад 2018 году.

Кошт перавозкі аднаго пасажыра ў 2021 годзе склаў 1,21 еўра. У цяперашні час кошт вырас да 1,50 еўра, піша  газета «Latgales Laiku». З 1 чэрвеня кошт адной паездкі складзе 70 цэнтраў. Пенсіянеры атрымаюць зніжку ў 50 еўрацэнтаў.

Паводле выдання штогод з бюджэту Даўгаўпілскага муніцыпалітэта аб’яднанню «Daugavpils satiksme» кампенсуюць страты ў памеры амаль шасці мільёнаў еўра.

У Даўгаўпілсе ахвотным узяць удзел у прыбіранні гораду трэба спачатку зарэгістравацца і атрымаць у камунальнікаў мяхі для смецця. Акрамя таго сабранае скмецьце варта даставіць у вызначаныя месцы, альбо пазначыць на адмысловай карце, дзе яго забраць. У адваротным выпадку камунальнікі яго не стануць вывозіць.

У Латвіі да Вялікай Талакі (Lielā Talka) можа далучыцца любы ахвотны, у якога ёсць жаданне ўпарадкаваць навакольнае вакол яго асяроддзя.

Як вынікае з публікацыі ў «Нашай газеты» удзельнічаць у «калектыўным суботніку» не прымушаюць і на яго збіраецца багата народу.


Айзенах, Германія

(Дамова аб пабрацімстве з Магілёвам падпісаная ў снежні 1996 году. Горад з насельніцтвам у 42 тысячы чалавек месціцца ў Цюрынгіі (адной з самых эканамічна развітых федэральных земляў на ўсходзе краіны). Дабрачынныя арганізацыі гораду дапамагалі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларусам. Арганізоўвалі аздараўляльныя паездкі для дзяцей, якія жылі на забруджаных радыяцыяй раёнах Магілёўшчыны)

У 2021 годзе 850 замежнікаў набылі ў Цюрынгіі грамадзянства Германіі. Паводле Дзяржаўнага статыстычнага ўпраўлення рэгіёну, гэта найбольшая колькасць натуралізаваных чужаземцаў ад 2000 года. У параўнанні з папярэднім годам, у якім было зарэгістравана 710 натуралізацыяў, рост склаў амаль 20 працэнтаў.

Як адзначае  інфармацыйны рэсурс Eisenachonline ў атрыманні грамадзянства Германіі першынство за сірыйцамі. Беларусы ў публікацыі не згадваюцца.

Фота мае ілюстрацыйны характар (крыніца: armyinform.com.ua)