У жніўні шэраг беларускіх гарадоў прымуць II гульні краін СНД. Плануецца, што ў Магілёве пройдуць спаборніцтвы ў двух відах: каратысты будуць змагацца ў спарткомплексу “Алімпіец”, а лучнікі адстраляюцца на стадыёне “Спартак”.
Упершыню падобныя гульні прыняла Казань у верасні 2021 года. А сёлета з 3 па 15 жніўня спартыўныя спаборніцтвы запланаваны ў Мінску, Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродна, Жлобіне, Маладзечна, Оршы, Салігорску і Магілёве.
Удзельнічаць у гульнях будуць спартсмены Беларусі, Расіі, Казахстану, краін Сярэдняй Азіі і Каўказу. Прапрацоўваецца магчымасць удзелу ў некаторых відах дэлегацый з Манголіі, Кітая, Кубы, Ірана, Амана і Саудаўскай Аравіі.
У сувязі з будучымі спаборніцтвамі рэканструкцыя чакае магілёўскі стадыён “Спартак”. Да лета тут плануюць абнавіць бегавыя дарожкі ў крузе на 400 метраў, якія зараз знаходзяцца ў непрыдатным стане, а таксама сектары для скачкоў і для кідання. Акрамя таго, плануецца замяніць святлодыёднае табло, абнавіць агароджы і цалкам замяніць сядзенні на заходняй трыбуне.
Улады спадзяюцца, што правядзенне II гульняў краін СНД у розных рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і ў Магілёве, адкрые іх турыстычны патэнцыял.
Фота ілюстрацыйнае.