Магілёўцы развіталіся з палымянай беларускай, дзеячом нацыянальнага адраджэння Ліліяй Міхайлаўнай Кузьменка

Лілія Кузьменка зведала жахі існавання ў нацысцкім канцлагеры, жыла ў пасляваеннай Вільні, дзе зналася з вядомымі беларускімі асобамі, а потым доўгія гады выкладала ў магілёўскім вучылішчы культуры. Лілія Міхайлаўна па жыцці падтрымлівала ўсё беларускае. Найбольшы след у памяці шматлікіх сяброў і прыяцеляў яна пакінула як апантаная беларускамоўная арганізатарка і ўдзельніца разнастайных культурных акцый і імпрэзаў у Магілёве.

Нарадзілася Лілія 28 сакавіка 1938 года. Жыццё яе не было лёгкім, у дзіцячым узросце яна пабывала ў канлагерах у Нямеччыне і ў Аўстрыі. “Аўстрыякі былі добрыя людзі, – узгадвала Лілія Міхайлаўна. – Бывала так, што аўстрыец падбягаў да калючага дроту паміж нацысцкіх вышак і кідаў за дрот бохан хлеба, а сам уцякаў, каб не застрэлілі”.

Пасляваенныя гады Лілія Кузьменка расла ў Вільні. Там ёй пашчасціла знацца з вядомымі беларускімі дзеячамі. Так, яна сябравала з Зоськай Верас. Потым Лілія пасябравала і з ейным сынам Антонам Фабіянавічам Шантырам, які вярнуўся з ГУЛАГаў у 1958 годзе. Сама Лілія Міхайлаўна распавядала, што да таго часу, пакуль яна не пазнаёмілася з Антонам, то была вельмі савецкім чалавекам, але ён ёй на ўсё расплюшчыў вочы”. З таго часу Лілія праз ўсё жыццё пранесла свае дэмакратычныя погляды і любоў да Бацькаўшчыны.

“Я і не ведала тады, што яна – Зоська Верас. Мне не казалі. Яна жыла ў драўляным доме, было шмат карцін, сярод іх партрэт Фабіяна Шантыра і партрэт самой Зоські Верас з кошкай на каленях. Потым гэты дом згарэў. Я вельмі сябравала з яе сынам – Антонам Шантырам. Ён працаваў падчас вайны ў газеце “Сцяг Працы”, дзе выступаў і супраць Гітлера, і супраць Сталіна. Немцы не зрабілі яму нічога, а калі прыйшлі Саветы, то яго арыштавалі і прысудзілі да расстрэлу, замяніўшы расстрэл на 25 год зняволення”.

Лілія Міхайлаўна лічыла, што пасляваенная Вільня была беларускай: “Мова беларуская жыла ў Вільні дрэнна – не было школ, дзяцей аддавалі ў расійскія, літоўскія ці польскія школы. Але народ у хатах гаварыў па-беларуску. Але беларусамі сябе не надта называлі, часцей “тутэйшымі”. Мы дзецьмі ведалі пра тры мовы і любілі кожны новы дзень гаварыць паміж сабой на іншай мове – сёння па-польску, заўта па-літоўску. Але інтэлігенцыя трымалася беларускасці і памятала, што Вільня наша.”

Пазнаёмілася ў свой час Лілія Міхайлаўна і з Караткевічам: “Ён прыйшоў да нас у хату, калі я вучылася ў кансерваторыі. У яго на плячы быў бабінны магнітафон, ён запісваў народныя песні. Мая маці спявала песні. Караткевіч сказаў мне, што будзе сябраваць са мной, калі буду размаўляць па-беларуску”. “Караткевіч не браў у свае раманы нічога проста так, зніадкуль. І ў раман “Каласы пад сярпом тваім” трапіў выраз маёй маці “Калі белая ажэніцца з чорным, то якія ў іх будуць дзеці – хіба ў шашачкі”? Лілія Міхайлаўна распавядала, што вельмі станоўча на патрыятызм Уладзіміра Караткевіча паўплывала вучоба ў Кіеўскім універсітэце.

Надалей лёс звязаў яе з Магілёвам. Тут да пэнсіі Лілія Міхайлаўна выкладала ў Магілёўскім вучылішчы культуры. Тут яна займела шматлікіх вучняў, сяброў і прыяцеляў. Цвёрдая ў сваіх перакананнях, яна была спакойнай і незлабівай у побытавым жыцці і ў чалавечых стасунках. У сваіх інтэрв’ю Лілія Кузьменка найбольш шкадавала пра страчаных назаўсёды дарагіх ёй людзей, сваіх сяброў.

У сямнаццаць гадоў Лілія Кузьменка пазнаёмілася з Валянцінам Ермаловічам, братам вядомага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча. Валянцін заснаваў у Магілёве самадзейны тэатар. У ім Лілія Кузьменка выступала шмат гадоў і сыграла дзясяткі роляў. Калі Валянцін Ермаловіч памёр у 2003 годзе, яна казала: “У мяне больш такога сябра няма. І мусіць ня будзе…”

Вядомая ў горадзе Лілія Міхайлаўна найперш была як культурны дзеяч. Калі напрыканцы існавання СССР у горадзе ўзнікла маладзёвая суполка Машэка, то яна прыходзіла да маладых беларусаў і вучыла іх беларускім танцам, спевам, малітвам, беларускаму этыкету.

Увогуле, Лілія Міхайлаўна па жыцці больш сябравала з моладзю, бо з людзьмі сталага веку ёй было не так цікава. Яна была з катэгорыі тых педагогаў, якія не толькі былі настаўнікамі, але і сябрамі сваім вучням. Сённяшняй моладзі, лічыла яна, не хапае прастаты і рамантыкі. “Трэба цаніць таго, хто побач з табой. Няхай гэта сябар твой і нават твой вораг. Стаўся да яго добра. Бо й вораг можа памерці, тады ня будзе з кім змагацца”, – вучыла яна маладых людзей.

Любіла спадарыня Лілія вазіць сваіх вучняў і сяброў у падарожжы на экскурсіі. Неаднаразова выязджала на фестываль “Аршанская бітва” на крапівенскім полі. У больш паважаным узросце, яна далучалася да вандровак іншай грамадскай суполкі магілёўцаў – клуба “Чароўны ўспамін”. Вандравала з імі па Беларусі, Украіне, Чэхіі і нават Італіі. Пасля кожнай вандроўкі усе з задавальннем згадвалі чарговыя прыгоды, здарэнні звязаныя са старэйшай вандроўніцай клубуа. Яна і сама любіла ўсміхацца з сябе.

Лілія Міхайлаўна была шчырай верніцай. Яна шанавала і адзначала рэлігійныя святы і нацыянальныя традыцыі. А вось сярод палітычных святаў для яе заўжды галоўным і такім самым святым быў дзень Волі – 25 Сакавіка, бо беларускай найперш яна сябе і пачувала.

Свае няпростае па стандартных мерках жыццё сама Лілія Міхайлаўна лічыла шчаслівым. Прынамсі так яна меркавала на публіцы, і так падавалася ўсім, хто яе ведаў.

“Тое што было, засталося ззаду. Нічога нельга вярнуць, толькі можна ўспамінаць. І шкадаваць пра гэта ня трэба, бо ёсьць толькі сённяшні дзень. І толькі сённяшні дзень, з майго пункту погляду, трэба любіць і шанаваць. І толькі сённяшнім днём трэба радавацца”.