Ніякія медыцынскія даведкі з “гражданкі” не бяруцца пад увагу, значэнне мае толькі медкамісія ў ваенкамаце.
Сотні мужчын у абласным цэнтры былі выкліканы ў ваенкаматы, дзе атрымалі павесткі ў войска, але з адтэрміноўкай па часе – паведамляюць нашы чытачы.
Тэхналагічна ўсё праводзіцца наступным чынам. Напачатку ваеннаабавязаных выклікаюць для ўдакладнення дадзеных у ваенкамат. Там сапраўды ўдакладняюцца месца пражывання і працы, сямейнае становішча і іншыя фармальныя звесткі. А затым мужчыны пад роспіс атрымоўваюць павесткі з патрабаваннем з’явіцца ў ваенкаматы цягам 24 гадзін пасля афіцыйнага абвяшчэння мабілізацыі ў краіне.
Тым, хто скардзіцца на здароўе, прапануюць дадаткова прыйсці ў ваенкамат і самастойна напісаць заяву з просьбай прайсці медыцынскую камісію. Ніякія даведкі з грамадзянскіх медустаноў не прымаюцца да ўвагі.
Як распавядаюць мабілізаваныя мужчыны, настрой пасля такога ўдакладнення дадзеных у калідорах ваенкамата вельмі змрочны і песімістычны.