Паравоз

Крычаўскія чыгуначнікі паставілі на ход тры паравозы 1950-х гадоў

Адзіную ў краіне, рарытэтную тэхніку здымаюць у кіно і паказваюць на настальгічных акцыях па ўсёй Беларусі.

Тры паравозы 1950-х гадоў рэканструявалі і паставілі на ход у лакаматыўным дэпо “Крычаў” – расказвае “СБ – Беларусь сёння”. Усяго ў дэпо захоўваецца дзевяць паравозаў, якія выпускаліся ў 1930-1950 гадах і эксплуатаваліся да 1970-х гадоў.

Начальнік лакаматыўнага дэпо «Крычаў» Вячаслаў Цумараў расказаў пра гэтую тэхніку цікавыя факты:

– Самы стары паравоз на базе лакаматыўнага дэпо «Крычаў» – 1931 года выпуску, серыі ЭМ. Дакладна невядома, ці ўдзельнічаў ён у баях у часы вайны, але тэндэр – спецыяльны вагон, які прычапляецца да паравоза і прызначаны для перавозкі запасу паліва – увесь пасечаны снарадамі і аскепкамі.

– Паравоз з тэндэрам поўнай загрузкі важыць прыкладна 150 тон: запас вады – 27 тон, вугалю – 18 тон.

– Крычаўскі паравоз не аднойчы ўдзельнічаў у здымках кіно. У ліку такіх стужак, напрыклад, “Лёс дыверсанта”. Хутка выйдзе на экраны яшчэ адна ваенная карціна, якую здымалі недалёка ад Крычава на чыгуначным мосце праз Сож.

Усе адноўленыя паравозы – серыі ЭР, 1950-х гадоў. Каб іх рэканструяваць, спецыялісты вывучалі адпаведную літаратуру, а таксама дапамог вопыт работнікаў старэйшага пакалення, якія самі яшчэ ездзілі на падобных машынах. Усе шыльды на тэхніцы, літары і подпісы – арыгінальныя, падкрэсліваюць у дэпо.

Для працы з паравозамі ў Крычаве падрыхтавалі восем чалавек – чатырох машыністаў і чатырох памочнікаў машыністаў. Для іх пашылі адмысловую форму па ўзорах 1930-х гадоў.

кричев паровоз

Зараз гэтая тэхніка ездзіць па Беларусі, удзельнічае ў настальгічных акцыях, а таксама здымаецца ў кіно. У планах дэпо – аднавіць яшчэ адзін, чацвёрты паравоз. Пра асаблівасці работы з рарытэтнай тэхнікай расказаў машыніст Максім Жарыкаў:

– Карміць яго трэба вельмі часта, падтрымліваючы пэўны ціск пары ў катле. Каб даехаць ад Крычава да Касцюковічаў – гэта прыкладна 45 кіламетраў, трэба спаліць каля дзевяці кубоў (вугля ці дроў). Хаця залежыць ад таго, што і як вязеш. У вугля цеплааддача вышэй. Канструкцыйная хуткасць лакаматыва – 65 кіламетраў у гадзіну, але мы едзем павольней – шкадуем тэхніку. А сучасныя цеплавозы могуць развіваць хуткасць больш за 100 кіламетраў за гадзіну.

Фота: СБ