Вывесці ў суседнюю краіну збіраліся больш за 1 тону сыру, на які не было суправаджальных дакументаў. Ладунак ацэнены ў 15 тысяч рублёў. А выкрылі кантрабанду ў Мсціслаўскім раёне.
На перавозчыкаў складзены пратакол і ім пагражае штраф у памеры да пяцідзесяці працэнтаў ад кошту прадмету адміністрацыйнага правапарушэння, паведамляе інтэрнэт-рэсурс GOLK.by.
Паводле выдання кантрабандыстаў выкрылі падчас «спецыяльнага мерапрыемства супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з кантрабандай Магілёўскай мытні сумесна з супрацоўнікамі абласнога ДАІ Мсціслаўскага РАУС».
У Расію, на мяжы з якою адсутнічае сталы беларускі пагранічны і мытны кантроль кантрабандай вязуць металалом, мясныя харчы ды іншыя грузы, пісаў Магілёў.media.
Двое грамадзян суседняй краіны нават спрабавалі вывезці з Беларусі 6 тон агародніннай прадукцыі без фітасанітарных дакументаў. Расіян спынілі ў Мсціслаўскім раёне. Як вынікае з публікацыяў праўладных мэдыяў у гэтым раёне найбольш затрымліваюць кантрабандыстаў.
фота: golk.by