У медыйнай прасторы адшукаць публікацыі, ці выпраўляюць студэнтаў Гарвардскага, ці Кембрыджскага ўніверсітэтаў дапамагаць мясцовым фермерам не ўдалося.
А вось, у восеньскую пару ўбачыць беларускіх навучэнцаў на «калгасных палетках» звыклая справа. Тое паўтараецца з году ў год. Адпраўка студэнтаў у палі ўспрымаецца як будзённасць і штораз падкрэсліваецца: «моладзевы дэсант працуе з ахвотаю».
«Хлопцы і дзяўчаты старанныя, працуюць не горш за дарослых, і не чакаюць патуранняў. Да таго ж разумеюць, што ад асабістага ўкладу залежыць агульны канчатковы вынік», – цытуе працаўніка прыгараднай гаспадаркі «Кадзіна» рэсурс Mogilevnews.by.
На тутэйшыя палі «кінулі» студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту харчовых і хімічных тэхналогіяў ды навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжу.
«Кожны год нашы студэнты з задавальненнем ездзяць на ўборку гародніны. Ім гэта падабаецца», – настойвае выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту ўніверсітэту харчавання Алег Арлоў.
Колькі заробяць за працу студэнты высветліць не ўдалося.
А, ці падабалася чытачам Магілёў.media «гнуцца» у палях замест вучобы? Вашы ўражанні і згадкі пра мінулае абавязкова апублікуем. Допісы чакайма ў skrynia@mogilev.media.
фота: mogilevnews.by