26 красавіка – Сусветны дзень інтэлектуальнай уласнасці.
26 красавіка – Міжнародны дзень варкі бульбы.
26 красавіка – Дзень памяці ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
26 красавіка 1569 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст зацвердзіў рашэнне дэлегатаў Валынскага ваяводзтва аб далучэнні да Каралеўства.
26 красавіка 1586 года ў Магілёве ўтварылася праваслаўнае брацтва, адно з першых у ВКЛ пасля Львоўскага (1572), Віленскага, Луцкага, Кіеўскага.
26 красавіка 1589 года ў Магілёве створана прафесійнае аб’яднанне– брацтва кушнераў (спецыялістаў па выдзелцы скур і футра).
26 красавіка 1828 года пачалася руска-турэцкая вайна (1828-1829), у якой бралі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, у т.л. знакаміты тапограф М. Урончанка (1801-1855).
26 красавіка 1883 года памёр славуты мастак, кампазітар, піяніст і педагог Напалеон Орда (1807-1883). Вядомы яго выявы Магілёва, Бялынічаў, палаца Булгакаў у Жылічах і іншыя.
26 красавіка 1906 года Міністрам унутраных спраў Расіі прызначаны рэфарматар П.Сталыпін. У 1902-1903 гг. быў Гродзенскім губернатарам.
26 красавіка 1926 года памёр ураджэнец в. Свадкавічы (зараз – Крычаўскі раён) Сяргей Кавалік (1846-1926), даследчык Сібіры, зафіксаваў у Верхаянску самую нізкую тэмпературу паветра −67,1°C.
26 красавіка 1936 года ў беларускай міліцыі НКУС, з’явіліся спецыяльныя званні. Сяржант міліцыі прыраўніваўся да армейскага лейтэнанта, былі маёр і старшы маёр, камісар, дырэктар, галоўны дырэктар міліцыі.
26 красавіка 1961 года надрукавана рашэнне ЦК УЛКСМ аб накіраванні на цаліну 15 тысяч будаўнікоў. Першыя беларусы адправіліся на цаліну ў сакавіку 1954 г. У асваенні цаліны ўдзельнічала 180 тысяч беларусаў.
26 красавіка 1965 года ўказам ВС СССР Дзень Перамогі – 9 Мая – аб’яўлены нерабочым днём.
26 красавіка 1986 года ў 1 г 23 хвіліны 40 секунд адбыўся ўзрыў на 4-м блоке ЧАЭС. 23% тэрыторыі Беларусі з 2 млн жыхароў былі забруджаны радыёнуклідамі, у т.л. 37% тэрыторыі Магілёўскай вобласці.
26 красавіка 1989 года ў Мінску ўпершыню прайшоў “Чарнобыльскі шлях”.
26 красавіка 1996 года ў Мінску, Магілёве і іншых гарадах прайшлі самыя буйныя акцыі “Чарнобыльскі шлях”. У Мінску ўдзельнічала 50 тыс. чал. Сілавікі правакавалі бойкі з міліцыяй, былі арыштаваны актывісты, у т.л. Юрый Хадыка, Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Вінцук Вячорка. Лідар БНФ Зянон Пазняк пасля акцыі выехаў з краіны.
26 красавіка 1996 года ў Магілёве адкрыты памятны знак ў памяць аб ліквідатарах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
26 красавіка праваслаўныя ўшаноўваюць пакутніцу Фамаіду, якой належыць маліцца для збавення ад блуднага запалу. У гэты дзень забараняецца падлашчвацца, какетнічаць, фліртаваць.
фота: uacrisis.org