Іранскі палітычны аглядальнік Шахрам Холдзі заяўляе на старонках Iran International, што вестка аб крушэнні верталёта і гібелі прэзідэнта Ібрагіма Раісі выклікала спекуляцыі наконт пытання пераемнасці прэзідэнта і яго наступстваў для Ісламскай Рэспублікі.
Згодна з Канстытуцыяй Ірана, прэзідэнт тэхнічна займае «другую па магутнасці» пасаду пасля Вярхоўнага лідэра, якім зараз з’яўляецца Алі Хаменеі. За апошнія дзесяцігоддзі вярхоўны лідэр Хаменеі дамогся таго, што яго занадта магутная пасада паступова зацямніла пасаду прэзідэнта і скараціла яе да пасады галоўнага адміністратара дзяржавы – адзначае аналітык. Ібрагіма Раісі ад яго папярэднікаў адрознівала тое, што ён увасабляў сабой ідэальнага «выканаўчага слугу» Вярхоўнага лідэра.
Раісі быў абраны на прэзідэнцкую пасаду ў 2021 годзе пры падтрымца Алі Хаменеі і разглядаўся як магчымы спадчыннік пасады Вярхоўнага лідара. Адначасова ў іранскім палітычным полі з’явіліся галасы, што насамрэч спадчыннікам Алі Хаменеі можа стаць яго сын Маджтаба.
У такім рэжыме, як іранскі, легітымнасць вярхоўнага лідара ў значнай ступені залежыць ад улады вайскоўцаў і апарату бяспекі і разведкі, а таксама ад кіруючай ідэалагічнай эліты. Зараз Маджтаба карыстаецца павагай у асяродках іранскіх сілавікоў і можа разлічваць на іх падтрымку ў сваім шляху на палітычную вяршыню.
Што робіць цяперашнюю сітуацыю найбольш жахлівай – піша Шахрам Холдзі – дык гэта тое, што калі раптам зараз сам Вярхоўны лідар Алі Хаменеі памрэ да абрання новага прэзідэнта, краіна патэнцыйна можа пагрузіцца ў агульнанацыянальныя беспарадкі. Калі арыенцірам стане паўстанне «Жанчына, жыццё, свабода» 2022-2023 гадоў, то ўлічваючы працяглую занядбаную эканамічную сітуацыю ў Іране, якая падштурхнула больш за шэсцьдзесят працэнтаў іранцаў да галечы, рэжым ужо змагаецца з эндэмічным крызісам легітымнасці. Такім чынам, менавіта смерць Хаменеі патэнцыйна можа выклікаць шматгранны крызіс.
Увогуле, галоўная дырэктыва і катэгарычны імператыў, якімі кіруецца ўся палітычная эліта Ісламскай Рэспублікі зараз, гучыць як «выжыванне рэжыму». Пры сцэнары, калі рэжым адначасова пазбаўлены як вярхоўнага лідэра, так і прэзідэнта, Асамблея экспертаў можа хутка абраць Маджтабу Хаменеі, які карыстаецца бясспрэчнай лаяльнасцю вышэйшага кіраўніцтва Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі, а таксама органаў бяспекі і разведкі. Калі так, то кіраўніцтва Маджтабы Хаменеі адкрые эру тэакратычнай дынастыі ў Ісламскай Рэспубліцы па мадэлі раннесярэднявечнай дынастычнай спадчыннасці шыіцкіх імаматаў.
На фота: Пустое крэсла прэзідэнта Ібрагіма Раісі ў кабінеце міністраў Ірана пасля пацверджання яго смерці ў выніку крушэння верталёта. Фота: rferl.org