Фотафакт. Цэгла ў Магілёве таксама асфальт

Так выглядае праезная частка аднаго з падворкаў у магілёўскім мікрараёне «Юбілейны». Аўтаўладальнікі закладаюць цэглай выбоіны, каб уратаваць падвескі сваіх машын. На дапамогу дарожнікаў, кажуць яны, даўно махнулі рукой. Не дачакацца!

Між тым у лютым мясцовае дарожна-маставое прадпрыемства рапартавала, што возьмецца за ямачны рамонт магілёўскіх дарог як дазволіць надвор’е. Для гэтага, паводле кіраўніка прадпрыемства Мікалая Харца, было падрыхтавана 700 тон шчэбеню і 20 тон бітуму.

«Ёсць усё хімічныя дадаткі для вырабу бітумнай эмульсіі», – цытаваў прамыслоўца інфармацыйны партал Mycity.by

 

У паведамленні, аднак, не ўдакладнялася, ці прадугледжаны такі рамонт дарог у падворках. Гаворка, як вынікала, тычылася наагул магілёўскіх дарог.

Дарэчы, паводле жыхароў «Юбілейнага», адна з праезных частках на вуліцы Каралёва пасля кожнай залевы пераўтвараецца ў «мора». Тутэйшыя жартуюць, што лужына становіцца мыйняй для машын. «Мора» адпампоўваюць камунальнікі. На фота зафіксавана праезная частка пасля апошняй залевы.