Фатаграфаваўся ў жаночым вобразе – бабруйскі махляр вынаходліва шукаў кліентаў

Такса за сэкс складала чамусьці 88 рублёў 80 капеек.

Бабруйскі суд вынес пастанову адносна чарговага кіберзлачынцы. Гэтым разам зламыснікам аказаўся мясцовы жыхар, раней ужо судзімы за дзіцячае порна, крадзёж і хуліганства. Як высветлілася падчас следства, ён размясціў свае фотаздымкі ў жаночым вобразе на папулярным мабільным дадатку для знаёмстваў. У апісанні свайго профіля мужчына прадставіўся жанчынай, гатовай на інтым.

На кантакт з ашуканцам у нейкі момант выйшаў іншы бабруйчанін, які пасля кароткай перапіскі атрымаў прапанову сустрэцца. Але спачатку трэба было зрабіць перадаплату – 88 рублёў, 80 капеек на карту. Адкуль узялася менавіта такая сума, невядома. Пасля атрымання грошай махляр даў кантактныя дадзеныя рэальнага чалавека і назваў адрас для сустрэчы, праўда, у іншым горадзе. У судовай справе ён пазначаны як М. Прыехаўшы ў горад М., ахвяра махлярства стаў дазваньвацца да “жанчыны лёгкіх паводзін”, аднак рэальная жанчына адказала яму па тэлефоне, што не разумее, што ён ад яе хоча. Зразумеўшы, што быў ашуканы, мужчына звярнуўся ў міліцыю. Кіберзлачынцу з навыкамі травесці асудзілі да палутара гадоў хатняй хіміі.

Фота ілюстрацыйнае