Дзень у гісторыі. У 1863 годзе пакараныя смерцю кіраўнікі Магілёўскага паўстанцкага атраду. Нарадзіўся Міхаіл Валовіч, павешаны за ўдзел у паўстанні 1833 году. На свет з’явіўся філосаф Валянцін Акудовіч

18 чэрвеня 1586 году Нясвіжу дараваны герб.

Упершыню з летапісах горад згадваецца ў 1223 годзе. Вядомы сваімі замкам, паркамі, архітэктурай, навучальнымі ўстановамі. Цэнтр культуры, тэатральнага жыцця, кнігадрукавання, кальвінізму.

У Нясвіжы жылі: Сымон Будны, Лаўрэнцій Крышкоўскі, Мацей Кавячынскі, Саламон Рысінскі, Даніэл Набароўскі.

wikimedia.org


18 чэрвеня 1806 года нарадзіўся Міхаіл Валовіч (1806-1833).

Філарэт, філамат, удзельнік паўстання 1830–1831 гадоў.

Валовіч крытычна ацэньваў вопыт паўстання 1830-31 гадоў, якое, на яго погляд, не мела «агульначалавечай мэты», паколькі адпавядала інтарэсам шляхты. 

Ён лічыў, што ў вызваленчай барацьбе асноўнай сілай павінны быць народныя масы, сялянства. Выступаў за адмену прыгоннага права, за права кожнага народу на самастойнае развіццё.

Павешаны на загад расійскіх уладаў у Гродне. Цела ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер. Закапалі, каб не было як адшукаць магілы.

У вёсцы Парэчча, побач з уніяцкай царквой, якую збудавалі Валовічы, стаяў крыж у гонар Валовіча і 12 паўстанцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць расійскага імперыялізму. У 2003 святар Маскоўскага патрыярхату, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазней крыж адшукалі побач са Шчарай і паставілі на могілках.

wikimedia.org


18 чэрвеня 1858 года нарадзіўся Лявонцій Галынец (1858-1896).

Беларускі вайсковы ўрач, доктар медыцыны, першы прыват-дацэнт медыцынскай статыстыкі і геаграфіі кафедры гігіены Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі.

Даследчык санітарнага стану, насельніцтва Магілёва, умоў жыцця, асаблівасцяў фізічнага развіцця сацыяльных груп гараджан.

Паходзіў з вёскі Галоўчын, якая цяпер у Бялыніцкім раёне.

mogilew.by


18 чэрвеня 1863 пакараныя смерцю кіраўнікі Чарнаруцкага (Магілёўскага) паўстанцкага атраду браты Манцэвічы, В. Корсак, а таксама камандзір Быхаўскага атраду І. Анцыпа. (імёны не вядомыя).

Смерць прынялі ў Магілёве.

Чарнаруцкі атрад быў сфармаваны 20 красавіка і меў да 40-50 чалавек з афіцэраў, дробных чыноўнікаў, студэнтаў, дваровых людзей.

Актыўна дзейнічаў 3-9 мая 1863 году, але быў разбіты расійскім войскам.

Збіраліся далучыцца да паўстанцаў і 24 гімназісты Магілёўскай мужчынскай гімназіі, у якіх была зброя.


18 чэрвеня 1889 года нарадзіўся Уладзімір Каліноўскі (1889-1940).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Пасол Сейму Другой Польскай Рэспублікі, публіцыст, гісторык.

Быў кіраўніком справамі і юрысконсультам Беларускага сельскагаспадарчага інстытуту, дацэнтам кафедры гісторыі польскай культуры педагагічнага факультэту БДУ.

Супрацоўнічаў з часопісамі «Полымя», «Савецкае будаўніцтва», газетамі «Савецкая Беларусь», «Звязда».

Рэпрэсаваны. Захаваліся, нібыта, зьвесткі, што быў расстраляны ў 1940 годзе в Старабельску.


18 чэрвеня 1911 года нарадзіўся Аляксандр Шыдлоўскі (1911-2002).

Беларускі культурны дзеяч, кампазітар, педагог.

Заслужаны дзеяч культуры БССР.

Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, сустваральнік Беларускага культурнага таварыства ў Варшаве.

Артыст хору Р. Шырмы, аўтар вядомых песень «Ой, ты, Нёман родны», «Песня пра Гродна», «Колькі ў небе зор».

bis.nlb.by


18 чэрвеня 1950 года нарадзіўся Валянцін Акудовіч.

Беларускі філосаф, эсэіст, літаратурны крытык, спецыяліст па турызму.

Працаваў у штотыднёвіках «Культура», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Крыніца», «Фрагменты», «Перекрёстки», «Паміж». Аўтар шэрагу кніг. «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці».

wikimedia.org

 


18 чэрвеня 1957 года памёр Вітольд Бялыніцкі-Біруля.

Найбуйнейшы беларускі жывапісец-пейзажыст, акадэмік жывапісу, АН БССР, Акадэміі мастацтваў СССР, Народны мастак БССР.

У Беларусі захоўваюцца 444 ягоныя карціны. У Магілёве працуе мастацкі музей імя В. Бялыніцкага-Бірулі. Яго імем названа і вуліца ў абласным цэнтры.

Нарадзіўся ў 1872 годзе ў фальварку Крынкі, цяпер у Бялыніцкім раёне.

wikimedia.org


У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”