Дзень у гісторыі. Пабачыла свет эпічная паэма Якуба Коласа «Новая зямля». Забіты беларускі вайсковы дзеяч Булак-Балаховіч. Нарадзіўся французскі даследнік Жак-Іў Кусто, які мае беларускія карані

У праваслаўных вернікаў Траецкая Бацькоўская субота – летнія Дзяды.

Па павер’ях, нельга хадзіць у лес і на вадаёмы ў адзіноце. Забаронена купацца, праць у рацэ, мачыць у вадзе ногі.

На Траецкую суботу актыўныя русалкі і іншыя духі могуць нашкодзіць чалавеку. Таму асцерагаліся трывожыць іх вотчыну – лясы, палі, лугі, вадаёмы.


11 чэрвеня 1910 года нарадзіўся Жак-Іў Кусто (1910-1997), французскі акіянограф.

Ёсць звесткі што знакаміты вучоны і падарожнік мае беларускія карані.

Жак-Іў Кусто контр-адмірал, фатограф, рэжысёр, вынаходнік, аўтар мноства кніг і фільмаў, акадэмік, дырэктар Акіянаграфічнага музею ў Манака, адзін з вынаходнікаў акваланга, падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак». Займаўся пытаннямі аховы падводнага асяроддзя.

Аўтар кніг і каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Свет маўчання», «Залатая рыба» (прэмія «Оскар») і «Свет без сонца» («Оскар»), якія добра вядомы беларускім гледачам.

wikimedia.org 


11 чэрвеня 1923 года забіты савецкімі агентамі Язэп Булак-Балаховіч. Нарадзіўся ў 1894 годзе. 

Беларускі вайсковы дзеяч, удзельнік барацьбы за незалежнасць.

Ваяваў у вайсковых фармацыях свайго брата генерала Станіслава Булак-Балаховіча. З 2010 году з ініцыятывы беларускай грамадскай арганізацыі ў Польшчы «Беларуская Нацыянальная Памяць» праходзіць роварны рэйд у яго памяць.

wikimedia.org


1 чэрвеня 1923 года пабачыла свет паэма Якуба Коласа «Новая зямля».

Класік беларускай літаратуры працаваў над творам у 1911-1923 гадах, першы беларускі буйны эпічны твор.

За «Новай зямлёй» замацавалася назва «энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства канца XIX – пачатку XX ст».

За паэму Якуб Колас узяўся, калі сядзеў у мінскім астрозе. Тады была напісанае гумарыстычнае вершаванае апавяданне «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў».

Пазней на аснове апавядання былі створаны раздзелы «Па дарозе ў Вільню», «Дзядзька ў Вільні», «На Замкавай гары». Дзевяць апошніх раздзелаў былі напісаны ў 1921 годзе. Паэму пісьменнік цалкам скончыў 5 студзеня 1923 году.

lohvinau.by


11 чэрвеня 1931 года нарадзіўся Уладзімір Мацюхін (1931-2020).

Беларускі фізіёлаг і біяфізік, акадэмік НАНБ, доктар медыцынскіх навук, прафесар, Кавалер Ордэна Францыска Скарыны.

Ажыццявіў комплексныя даследаванні па эколага-фізіялагічных і эколага-радыяцыйных праблемах чалавека пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Распрацоўваў сістэмы жыццезабеспячэння пасля буйных радыяцыйных катастроф.

csl.bas-net.by


11 чэрвеня 1942 года нарадзіўся Яраслаў Пятроў.

Беларускі спявак (бас), народны артыст БССР, саліст Нацыянальнага акадэмічнага тэатру оперы Беларусі.

Валодае моцным голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, сцэнічнай абаяльнасцю.

Ягонай творчасці ўласцівы тэмперамент і шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокае пранікненне ў вобраз, гранічная выразнасць кожнага характару.

Удзельнічаў у гастролях Беларускай оперы ў еўрапейскіх краінах, Аргенціне.

wikimedia.org


11 чэрвеня 1982 года памёр Рыгор Семашкевіч (1945-1982).

Беларускі пісьменнік і літаратуразнавец, дацэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ, кандыдат філалагічных навук. Аўтар зборнікаў вершаў, аповесцяў, эсэ, верша «Апошняя ноч Каліноўскага», аўтар прац «Браніслаў Эпімах-Шыпіла», «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу», даследаваў гісторыю трупы Ігната Буйніцкага.

molib.by


11 чэрвеня 1985 года нарадзіўся Дзмітрый Калдун.

Беларускі спявак. На конкурсе Еўрабачанне 2007 заняў шостае месца – найвысшае за ўсю гісторыю ўдзелу Беларусі ў конкурсе.

wikimedia.org


11 чэрвеня 1993 года памёр Віталь Цвірка. Нарадзіўся 1913 годзе.

Беларускі жывапісец, педагог, Народны мастак БССР, рэктар Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).

Займаўся пейзажам і «тэматычным жывапісам», нацюрмортам, пад час шматлікіх падарожжаў па Беларусі пісаў краявіды. Большасць твораў захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

wikimedia.org

У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу Вікіпедыя