19 чэрвеня – Дзень медычнага работніка.
Зацверджаны ў часы Савецкага Саюзу – 1 кастрычніка 1980 году. Адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня.
У медычных установах краіны працуе 41,7 тысяч лекараў і 112,5 тысяч медычных сясцёр.
neg.by
19 чэрвеня 240 года ўпершыню вылічылі радыус Зямлі.
Зрабіў гэта географ і астраном Эратасфен Кірэнскі ў дзень летняга сонцастаяння ў Александрыі
Паводле ягоных вымярэнняў акружнасць Зямлі складала 250,000 стадыяў, а радыус – 39790 стадыяў. Невядома якімі стадыямі карыстаўся Эратасфен. Калі грэцкім (178 м), то радыус Зямлі 7082 км, калі егіпецкім, то 6287 км.
Сучасныя вымярэнні даюць велічыню ў 6371 км.
odessa-life.od.ua
19 чэрвеня 1898 года нарадзіўся Маркел Савіцкі (1898-1975).
Раслінавод, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Аўтар больш за 120 навуковых працаў, шэрагу выданняў на беларускай мове. Распрацаваў методыку сортавыпрабавання,
Родная вёска Савіцкага Расасна цяпер у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці.
19 чэрвеня 1912 года нарадзіўся Пятро Бітэль (1912-1991).
Беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік, святар.
Скончыў Беларускую Віленскую настаўніцкую семінарыю (1931). У 1931–1939 гадах настаўнічаў.
Як пісьменнік дэбютаваў у 1929 годзе пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева ў часопісе «Шлях моладзі», дзе публікаваўся і пазней. Аўтар паэм «Замкі і людзі» (1968), «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» (1984).
Займаўся перакладамі. Рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» выкладаў, быўшы асуджаным, у лагеры на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.
У 1944 годзе вывезены ў Германію, вызвалены ў 1945 годзе, служыў у Чырвонай Арміі.
У 1950 годзе арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобласці, Омску і Джэзказгане.
У 1956 годзе вызвалены. Да 1963 служыў у царкве.
У 1963–1974 гадах настаўнічаў. Скончыў Мінскі педінстытут (1970). Рэабілітаваны ў 1978.
data.cyclowiki.org
19 чэрвеня 1923 года ў Бабруйску нарадзіўся Жозэф Хоцька.
Геафізік, адзін са стваральнікаў беларускай школы геафізікі, займаўся пытаннямі сейсмалогіі, зямнога электрамагнетызму.
Стваральнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. Кандыдат геолага-мінералагічных навук.
19 чэрвеня 1924 года нарадзіўся Васіль Быкаў (1924-2003).
Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, удзельнік Другой сусветнай вайны.
У аснове творчай манеры Быкава – суровая праўда ў адлюстраванні вайны, яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядальнай манеры.
Па творах Васіля Быкава свет спасцігае асаблівасці беларускага народнага характару, трагізм гістарычнага лёсу нашага народу.
Творчасцю пісьменніка засведчаны духоўная сталасць сучаснай беларускай літаратуры, яе сусветны ўзровень. Яна гаворыць чалавецтву, што цвіце Беларусь, думае Беларусь, мае дзяржаўны гонар.
«Народная любоў да мастака была бязмернай. Яго яшчэ пры жыцці назвалі сумленнем нацыі. Яго вялікі маральны аўтарытэт не ствараўся штучна. Ён трывала забяспечваўся ўменнем мастака дакопвацца да глыбіні праўды пра людское жыццё на скразняках часу і, вядома ж, чалавечнасцю…», – казаў пра Быкава крытык Дзмітры Бугаёў.
Свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 года, калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік».
media.imhoclub.com
19 чэрвеня 1941 года нарадзіўся Іван Ласкоў (1941-1994).
Беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык, рэдактар якуцкага эпасу.
Аўтар «фінскай» канцэпцыі паходжання беларусаў, даказваў, што Літва не была балцкім племем, што на тэрыторыі Беларусі пануе фіна-угорская тапаніміка.
Дзяцінства правёў у вёсцы Беразякі Краснапольскага раёну і Магілёўскім дзіцячым доме і № 1, скончыў СШ №2 Магілёва.
person.goub.by
19 чэрвеня 1976 года нарадзіўся Уладзімір Каткоўскі (1976-2007).
Беларускі блогер, вэб-рэдактар, заснавальнік беларускай Вікіпедыі, распрацоўшчык беларускамоўнага інтэрфейсу Google, супрацоўнік беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода».
wikimedia.org
19 чэрвеня 1988 года ў Курапатах адбыўся масавы мітынг памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Людзі ў Курапатах сабраліся неўзабаве пасля публікацыі ў газеце «Літаратура і Мастацтва» артыкулу «Курапаты – дарога смерці», у якой гаварылася пра масавыя расстрэлы ў гэтым урочышчы ў часы сталінізму.
Марш і мітынг лічыцца першымі пратэстнымі акцыямі ў савецкай Беларусі. На іх сабралася да 10 тысяч чалавек. Там упершыню быў узняты бел-чырвона-белы сцяг. Гучалі антысавецкія лозунгі.
З 1937 па 1941 году ў Курапатах было забіта ад 40 да 200 тысяч мірных грамадзян.
i.c97.org
19 чэрвеня 2019 года памерла Іраіда Царук.
Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце працавала з 1963 года па 1991 год старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам, загадчыкам кафедры, дэканам гістарычнага факультэту.
Распрацавала спецкурсы па гісторыі Беларусі. Актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, выступала з дакладамі на ўсесаюзных, рэспубліканскіх і міжнародных навуковых і навукова-метадычных канферэнцыях.
Больш за 10 гадоў была членам Прэзідыума навукова-тэхнічнага і навукова-метадычнага Савету, членам каардынацыйнага Савету Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі, членам спецыялізаванага савету па абароне дысертацый. Заслужаны работнік народнай адукацыі БССР.
Аўтар звыш 70 навуковых прац. Падрыхтавала 30 кандыдатаў навук.
Нарадзілася ў 1928 годзе. Яна родная сястра палітыка Сяргея Прытыцкага. Даследніка гісторыі і культуры Заходняй Беларусі.
hist.bsu.by
У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы з інфармацыйнага рэсурсу “Вікіпедыя”
галоўнае фота: Василь Быков, 1984 год, из архива Белта