Нягледзячы на нясмелыя спробы прапаганды традыцыйнага Дзеда Мароза, жыхары Крычава па звычцы ўпрыгожваюць вокны і балконы цацкамі Санта-Клауса.
Апошнія месяцы ў Беларусі адзначаны прыкметамі барацьбы з “чужымі заходнімі каштоўнасцямі”. Робіцца гэта млява і без іскрынкі, але час ад часу здараюцца канвульсіі барацьбы з ёлачнымі ўпрыгажэнні, дзіцячымі лялькамі і навагоднімі персанажамі. Барацьба нібыта ідзе па лініі “сваё – чужое”, але пад “сваім” разумеецца зусім не беларускае, а савецкае.
Нядаўна з крытыкай на цацкі монстра Хагі Вагі абрынулася раёнка “Веснік Чэрыкаўшчыны”, пра што пісалі mogilev.media. А вось на аграсядзібе ў Чэрвенскім раёне Мінскай вобласці наогул было забаронена праводзіць навагодняе мерапрыемства з удзелам Санта-Клауса і эльфаў, як паведамляе telegraf.news.
У аснове падобных праяваў беларускай прапаганды – кансерватызм і антызаходніцтва. Супрацоўнікі дзяржаўных СМІ часта дазваляюць сабе зняважлівыя выказванні пра вобраз Санта-Клауса, а адзіная фабрыка ёлачных цацак “Грай” у Беларусі працуе пад лозунгам «Делаем не Санта-Клаусов, а Дедов Морозов», пра што пісала дзяржаўная “Мінская праўда”.
На Магілёўшчыне шмат у якіх гарадах перад наступленнем Новага Года быў праведзены шэраг святочных мерапрыемстваў, якія падкрэслена рабіліся ў стылістыцы савецкага вобразу Дзеда Мароза з унучкай Снягуркай. Не выключэннем быў і Крычаў, дзе прапаганда “традыцыйных” каштоўнасцей адзначэння навагодніх святаў прайшла досыць актыўна. У канцы 2022 года адбылося штогадовае шэсце Дзедаў Марозаў са Снягуркамі па вуліцы Камсамольскай.
Акрамя таго на сёлетнія навагоднія святы ў палацы Пацёмкіна-Галынскіх была адкрыта рэзедэнцыя Дзеда Мароза, у якой прайшлі мерапрыемствы для дзетак рознага ўзроста.
Будынкі і тэрыторыі навучальных ўстаноў Крычава таксама ўпрыгожвалі выключна савецкімі навагоднымі персанажамі.
Што цікава, яшчэ на леташнія калядныя і навагоднія святы мясцовыя ідэолага Санты не цураліся – пры ўваходзе ў будынак чыгуначнага вакзала ў Крычаве стаяла менавіта яго надутая постаць.
Што ж да простага люду? Мы прайшліся па вуліцах Крычава і заўважылі, што да намаганняў ідэолагаў паставіць перад абавацелем сцяну, якая б адрэзала яго ад звыклых традыцый святкавання людзі ставяцца прынамсі абыякава. Вось болкон з Сантай, вось вакно з персанажам у кароткай шубейцы і штоніках.
І так дом за домам – недзе фігурка, недзе малюнак на вакне. Змаганне са святам, змаганне з радасцю, змаганне з дзіцячымі перажываннямі, чаканнямі, наіўнай верай і любоўю – каму яно патрэбна, падумалася міжволі. Што гэта за людзі?