Днём да +2°С, невялікія маразы, воблачна, невялікі снег – прагноз на рабочы тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць адносна цёплае для лютага дзённае надвор’е, невялікія начныя маразы, пахмурнасць, з праясненнямі. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 16 хвілін і дасягне 9 гадзін 55 мінут. У канцы працоўнага тыдня сонца ўзыйдзе а 8:15 і зойдзе у 18:10.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 13 лютага такі: раніцай да -1 0°С, удзень да +2°С, уноч да 1 +2°С, неба зноў пахмурнее, толькі месцамі магчыма праясненне, у асноўным без ападкаў. Вецер заходні і паўднёва-заходні, хуткасцю да 5, месцамі да 6–7 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца.

Мікіта Конік. Народныя прыкметы:
На Мікіту чырвоны агонь у печы абяцае халоднае надвор’е, а белы цёплае.
Галкі і вароны крычаць бесперапынна – будзе снегапад, а магчыма, і завіруха.
У аўторак, 14 лютага, надвор’е абяцае быць пахмурным, з невялікім снегам. У Дзень закаханых ужо вее вясной: раніцай да 0 +1°С, днём чакаецца тэмператра каля +1 +2°С, уноч каля 0 -1°С. На дарогах захаваецца галаледзіца. Прагназуецца панаванне паўночна-заходніх і паўночных вятроў, хуткасцю да 5 м/с, месцамі – да 8 м/с.

Валянцін. Трыфан Зорысты. Народныя прыкметы:

Калі вецер моцны і халодны, то і вясна не будзе песціць цяплом, а лета будзе дажджлівым.
Калі на вуліцы штыль, то вясна будзе цёплай.
Калі неба на Трыфана зорна – вясна позняя.
Зорапад на Трыфана прадвесціць ціхую вясну.
Калі на Трыфана ідзе снег – вясна будзе дажджлівая.
Калі ў Трыфанаў дзень халады пачнуцца – вясна будзе позняя і халодная.

У сераду, 15 лютага, раніцай магчымыя тэмпературы да -2 -3°С, удзень каля 0°С, да ночы слупок тэрмометра апусціцца да -5 -6°С. На працягу сутак працягнуць панаваць паўночна-заходнія і паўночныя вятры хуткасцю да 3–5 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца. Раніцой і днём пераважна пахмурнае надвор’е, пераважна без ападкаў, увечары магчыма праясненне.

Грамніцы. Зіма з летам сустрэліся: сонца на лета, зіма на мароз.
Раніцай на Грамніцы снег – да ўраджаю ранняй збажыны, апоўдні – сярэдняй, увечары – позняй.
На Грамніцы сняжок – увесну дажджок.
Кропель на Грамніцы прадвесціла ўраджай пшаніцы.
Грамніцы – час апошніх зімовых маразоў.
Калі неба бяззорнае – вясна заплача позна.

На чацвер, 16 лютага, прагназуецца наступнае надвор’е: уранні да -6°С, днем тэмпература падрасце да -2 0°С, да ночы зноў апусціцца да – 4 -5°С. Вецер паўднёвы і паўднёва-ўсходні, хуткасцю да 2-3 м/с. Пахмурна, без ападкаў.

Сямён і Ганна.
Калі на Сямёна і Ганну снег валіць шматкамі – лета будзе дажджлівым.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 17 лютага, прагназуецца ў асноўным пахмурнае надвор’е. Раніцай -4 -5°С. Паўднёвыя і паўднёва-заходнія вятры хуткасцю да 3–4 м/с удзень і ўвечар прынясуць пацяпленне і снег: днём да -1 -2°С, месцамі да 0, а к ночы тэмпература вырасце да 0 +1°С.

Сцюдзёны Мікола.
Рэдкі год у гэты дзень не было маразоў.
Мікалай Сцюдзёны – час звярыных вяселляў
Калі лес счарнеў, значыць варта чакаць адлігу.
Калі доўгія сухія яловыя галіны згінаюцца – будзе завіруха, а калі распростваюцца – надвор’е будзе спрыяльным.

Катаклізмы.

16 лютага 1600 года зафіксавана першае моцнае еўрапейскае пахаладанне. Яно было звязана з выбухам вулкана за тысячы кіламетраў ад нашых земляў, у Паўднёвым Пяру – ажыў Хуайнапуціна (Huaynaputina, на мове кечуа – “малады вулкан”).

Пасля гэтага ў Еўропе фактычна не было лета – снег мог выпасці нават у чэрвені, пастаянна ішоў халодны дождж. У некаторых беларускіх хроніках пісалася, што Балтыйскае мора замярзала да «Гоцкага вострава» (Готланд), і да яго можна было даехаць ледзь не на санях. Караблі не плавалі, рыбу не лавілі і не перавозілі.

Глыбокае прамярзанне беларускіх рэк, асабліва Нёмана і Дзвіны, вельмі турбавалі мясцовых купцоў, для якіх гэтыя рэкі былі асноўнымі гандлёвымі шляхамі. У пачатку XVII стагоддзя у нашых гарадах згадваюцца лядовыя кірмашы, калі гандаль выходзіў па-за межы гарадскіх рынкаў і размяшчаўся проста на лёдзе. Тое было прывольна, навокал рынка можна было будаваць лядовыя крэпасці і кідацца сняжкамі.

Хроніка размешчанага недалёка ад Быхава Баркулабаўскага манастыра падае жудасныя карціны прыроднай і гуманітарнай катастрофы, якая ахапіла Рэч Паспалітую і ВКЛ. Пачаўся “вялікі голад”. У суседняй Масковіі за 1601-1604 гады ён забраў 500 000 жыццяў.