Яшчэ 23 лютага 2023 года споўнілася 50 гадоў, як быў запушчаны новы масласырзавод у Чавусах. Гэта быў другі па велічыні завод у СССР – паведамляе чавуская раёнка “Іскра”. Але юбілей прайшоў без традыцыйнай помпы.
Першапачаткова завод працаваў на пляцоўцы, на якой зараз знаходзіцца аўтапарк №10, потым пераехаў на новае месца па вул. Першамайскай.
На заводзе працавалі лактозны, апаратны, сыраробны цэхі, цэх па доглядзе сыроў, лінія казеіну, якія выраблялі малако, смятану, масла, сыры (найперш «Кастрамскі» і «Пашахонскі»), кефір (з 1976 года), тварог, казеін для клеявай вытворчасці.
Прадукцыя пастаўлялася чыгункай у Маскву і Ленінград, часткова на ўнутраны рынак.
За першы год было перапрацавана 28 000 тон малака, якое паступала толькі з гаспадарак Чавускага раёна. Сыраробны цэх працаваў у 1 змену, масла – у 1,5 змены.
Пасля далучэння ў 1980 годзе да Чавусаў Чэрыкаўскага маслазавода, перапрацоўка сыравіны перавышала 40 000 тон малака ў год.
Завод забяспечваў працай 252 чалавекі, пасля аўтаматызацыі вытворчасці – 202, было 18 працоўных дынастый.
Маштабы завода ўражвалі. У тыя часы ў Гарбавічах, Усушку і Жаліўі размяшчаліся сепаратарныя пункты. На іх ад малака аддзялялі вяршкі і везлі на завод.
У 2008 годзе на заводзе быў значна пашыраны асартымент цвёрдых сыроў: акрамя “Кастрамскага” і “Пашахонскага”, асвоена вытворчасць “Расійскага”, “Эстонскага”, “Галандскага брусковага”, “Галандскага круглага”, “Галандскага “Прэміум”. Магутнасці завода дасяглі магчымасці перапрацоўваць за змену да 80 т малака і вырабляць 5 тон масла, 5 тон цвёрдага сыру, 580 кг натуральнамалочнай прадукцыі, 5 тон сухога малака. На экспарт пастаўлялася звыш 65% усяго аб’ёму выпуску цвёрдых сыроў.
Але неўзабаве, у 2009 годзе завод далучылі да ААТ “Быхаўмалако”, а ў 2012 годзе – да ААТ «Бабушкіна крынка». Завод быў пераўтвораны ў цэх, а цяпер на яго месцы размяшчаецца лагістычны цэнтр філіяла Чавускае ААТ «Бабушкіна крынка».
Няма асабліва чаму пахваліцца, таму і 50-гадовы юбілей прайшоў ціха. Усе вялікія дасягненні завадчан засталіся ў гісторыі.