Спыненая дзейнасць усіх незалежных прафсаюзаў у Беларусі

Вярхоўны суд ліквідаваў з ініцыятывы Генеральнага пракурора цягам тыдня пяць прафсаюзных арганізацыяў. Адпаведная заява была напраўленая ў суд напачатку чэрвеня.

Згодна з судовай пастановаю спыненая дзейнасць:

– Свабоднага прафсаюзу Беларускага;

– Свабоднага прафсаюзу металістаў;

– Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў;

– Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці;

– Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

Першымі былі ліквідаваныя 13 ліпеня Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускі незалежны прафсаюз. Лідары гэтых арганізацыяў утрымліваюцца пад вартай. 

У зняволенні трымаюць і актывістаў прафсаюзаў, лёс якіх вырашаўся на судовых пасяджэннях 14 і 18 ліпеня. Яны скончыліся пастановаю аб спыненні іх дзейнасці.

Паводле Генеральнага пракурора з 2020 году «дзейнасць асобных прафсаюзаў на тэрыторыі Беларусі набыла палітызаваны характар», а «замест выканання ўскладзеных функцыяў кіраўніцтва і чальцы гэтых арганізацыяў бралі ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, несанкцыянаваных мерапрыемствах, распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу».

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Алена Талкачова

На волі.

Пра вызваленне журналісткі паведаміла яе калега Вольга Лойка

«Апошні тыдзень у СІЗА – бясконцасць у квадраце. Але наша цудоўная Алена Талкачова сёння дома», – напісала Вольга Лойка ў Фэйсбуку.

Журналістку затрымалі 18 мая ў рамках крымінальнай справы супраць выдання TUT.BY за, нібыта, ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Праваабарончай супольнасцю прызнаная палітзняволенай

У няволі ўтрымліваюцца гендырэктарка «Тутбая» Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава.


Анастасія Санкоўская

Асуджаная на 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту.

Паводле праваабаронцаў, яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак альбо ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях.

Анастасію Санкоўскую затрымалі 31 сакавіка 2021 году. Спачатку далі 15 дзён арышту, а затым выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў паслявыбарных акцыях пратэсту і перакрыванні вуліцы.

Праваабарончай супольнасцю прызнаная палітзняволенай.


Юлію Лаптановіч

Паводле праваабаронцаў Гродненскі абласны суд маці траіх дзяцей пакараная  5 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Старшыняваў на працэсе Віктар Сянько.

Да суду яе трымалі ў зняволенні дзевяць месяцаў. Ёй інкрымінавалася:

– Паклёп;

– Абраза прадстаўніка ўлады;

– Пагроза суддзі;

– Незаконныя дзеянні з персанальнай інфармацыяй

– Пагроза гвалту службовай асобе

– Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці

Год таму Юлію Лаптановіч і яе мужа Ігара асудзілі па «справе карагодаў». Ігара адправілі ў калонію, а жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію». Але праз некаторы час яе затрымалі зноў.

Праваабарончай супольнасцю прызнаная палітзняволенай.

Праблемы з высокатэхналагічным абсталяваннем, намеснік прэм’ер-міністра пра сітуацыю ў медыцыне

Паводле Ігара Петрышэнкі «санкцыйны ціск» сказывацца на пастаўцы высокатэхналагічнага абсталявання па тэрмінах і лагістыцы.

Па ягоных словах уся сістэма аховы здароўя скіраваная на захаванне ўстойлівасці ва ўмовах санкцыйнага ціску, перадае тэлеграм-канал “Официальный Минздрав”.

Урадовец кажа, што абсталяванне, тым не менш, падтрымліваецца ў належным стане. Калі нешта ламаецца, то прымаюцца меры, каб замяніць псаваную дэталь.

«Пацыент, які мае патрэбу ў тым, ці іншым даследаванні не павінен гэтага адчуць», – адзначае ён.

Запэўніванні Ігара Петрышэнкі практыкуючыя медыкі лічаць спробаю прыхарошыць рэальны стан у медыцыны. Паводле іх неабходныя дэталі да абсталявання паволі замяняцца таннымі аналагамі, а тэрміны рамонту павялічацца.

«Мы ўжо маем праблемы з расходнікамі, у вырабах медычнага прызначэння, у рэактывах. Кіраўнікоў тых структурных падраздзяленняў, дзе выявілі перарасходаванне матэрыялаў, караюць», – каментуе сітуацыю адзін з медыкаў.

Колькі студэнтаў з’явіцца ў Магілёве? ВНУ сталі прымаць дакументы

Вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны разлічваюць прыняць сёлета блізу 53 тысяч абітурыентаў. Магілёўскія — каля 3 600 студэнтаў, як на дзённую, так і завочную формы навучання.

Самы буйны прыём запланаваны ў «Беларуска-Расійскі універсітэт» – 1370 чалавек, 935 з якіх – дзённікі.

Другі радок па колькасці чаканых студэнтаў займае Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова – 912 чалавек, 555 з іх на дзённае навучанне.

550 студэнтаў чакае Інстытут Міністэрства ўнутраных спраў. Універсітэт харчавання разлічвае прыняць 445 чалавек, 100 з якіх – завочнікі.

У магілёўскім філіяле «БІП – Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогіяў» плануецца прыём 40 студэнтаў.

Залічэнне на бюджэтную форму навучання павінна завяршыцца да 4 жніўня, пасля чаго будзе этап дадатковага набору на бюджэт з 5 па 7 жніўня. Прыём дакументаў на платную форму навучання таксама стартуе 18 ліпеня і працягнецца да 10 жніўня.

 

Гомель у навальніцу. Рух у горадзе паралізаваны, дарогі ператварыліся ў бурлівыя патокі.

Непагадзь да Магілёўшчыны не дабралася. Увесь патэнцыял расходавала на Гомель.

Суседні з Магілёвам абласны цэнтр перажыў небывалую залеву. Фотаздымкі з затопленымі вуліцамі і машынамі ператворанымі ў чаўны запаланілі сацыяльныя сеткі.

За няпоўную гадзіну на горад вылілася практычна месячная норма ападкаў.

Дождж з градам абрынуўся на Гомель апоўдні. Залева суправаджаецца грымотамі. Рух у горадзе быў паралізаваны, дарогі сталі бурлівымі патокамі. Людзей з затопленых аўтобусаў і вуліц ратавальнікі вывозілі на гумавых чаўнах.

«Рэйсавы аўтобус, які накіроўваўся з Зяброўкі, апынуўся наўпрост пасярэдзіне ўтворанага возера», – апісвалі сітуацыю на гарадзкіх вуліцаў відавочцы.

«Узровень вады амаль па грудзі ратавальнікам. І чалавек з нізкім ростам практычна па шыю можа апынуцца ў вадзе», – каментаваў убачанае гараджанін у сацыяльных сетках.

Самымі небяспечнымі для аўтамабілістаў аказаліся ўчасткі дарог на праспекце Леніна, вуліцах Інтэрнацыянальнай, Жаркоўскага, Бочкіна, Багдана Хмяльніцкага, Барыкіна, Палескай, піша   выданне «Белка».

З 11-38 да 12-29 у Гомелі, паводле звестак метэаролагаў, выпала 7,6 мм ападкаў. Сярэднемесячная норма складае 9,1 мм.

“Каб беларускіх артыстаў не выразалі з расійскага эфіру”, мара спявачкі Дарафеевай

На няправільныя паводзіны расіян паскардзілася Ірына Дарафеева на «Славянскім базары» падчас прэсавай канферэнцыі прызёраў розных гадоў конкурсу маладых выканаўцаў.

«У мяне ёсць адна мара, – казала яна, – каб беларускіх артыстаў не выразалі з расійскага эфіру. Мы ж, людзі мастацтва, заўсёды за кансалідацыю. У рамках Саюзнай дзяржавы рэалізавана мноства праектаў ва ўсіх сферах, але чамусьці культуры ўдзяляецца менш увагі. А гэта сапраўды тое, што нас аб’ядноўвае, што застанецца. Вядома, праца артыста незаўважанай не застаецца, але хочацца, каб яе ацаніла як мага больш людзей», – напісана на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня».

Хто такая Ірына Дарафеева.

Спявачка, заслужаны артыстка Рэспублікі Беларусь (2007), дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтва, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі VI склікання.

Ірына Дарафеева – дэпутат мае падзяку ад Лукашэнкі.

Паводле прэсы ў 2007 годзе Дарафеева стала аб’ектам пільнай увагі кіраўніка дзяржавы і яго ўдзелу ў ейным лёсе.

На дзень нараджэння Лукашэнкі яна яму падарыла песню: ««Ангел мой несравненный, неземной и нереальный»». У адказ на гэта кіраўнік дзяржавы публічна павіншаваў спявачку ў дзень яе нараджэння з экрана тэлевізара.

фото: mk.ru

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Вольга Ялцэвіч

Прысудзілі 2 гады калоніі за аплачванне штрафаў і паслугаў адваката затрыманым пратэстоўцам.

Суд Маскоўскага раёну Брэста 15 ліпеня юрыстку з Докшыцаў прызнаў вінаватай у «фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Ялцэвіч затрымалі 16 снежня 2021 году. 18 студзеня 2022 году праваабарончыя арганізацыі абвясцілі яе палітзняволенай.

Зняволеная мае юрыдычную адукацыю і да затрымання аказвала юрыдычныя паслугі як прыватны прадпрымальнік.


Масавыя затрыманні ў Драгічыне

У руках сілавікоў апынулася больш за два дзясяткі чалавек.

Пра аблаву на мясцовых жыхароў дазналіся праваабаронцы і журналісты.

На працягу некалькіх дзён у райцэнтры забіралі людзей. Большасць затрыманых былі прадпрымальнікамі. Судзілі за непадпарадкаванне і прызначалі штрафы.

Зняволенні ажыццяўляла не мясцовая міліцыя, а сілавікі са сталіцы, настойваюць жыхары райцэнтру.

Сярод затрыманых аказаўся былы намеснік начальніка Іванаўскага РАУС Андрэй Беленькі. З міліцыі ён звольніўся да пратэстаў 2020 году. Яго зямлячак Тамару Падымаку аштрафавалі 30 базавымі велічынямі, а Марына Кіявец атрымала 29.

Вядома, што адну з затрыманых пасадзілі на 15 дзён за непадпарадкаванне міліцыі.

Пра лёс Алены Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хімію» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў невядома.

Журналісты пачаткоўцы з Латвіі пагутарылі на «Славянскім базары» з Лукашэнкам. МЗС Латвіі лічыць, што яны парушылі рэкамендацыі аб бяспецы

У Латвіі разбіраюцца, чаму дзіцячая ўстанова наведала Беларусь, ігнаруючы рэкамендацыі аб бяспецы падарожжаў і ўдзелу ў інфармацыйнай вайне.

На факт удзелу Рыжскай дзіцячай акадэміі радыё і тэлебачання «Academy KidsTV» на фестывалі ў Беларусі звярнула ўвагу Міністэрства замежных спраў. Яго кіраўнік звярнецца ў адказныя інстанцыі, каб тыя далі прававую ацэнку паездцы, піша выданне Jauns.lv.

«Адкрытае ігнараванне рэкамендацый МЗС у пытаннях бяспекі перамяшчэння і ўдзелу ў інфармацыйнай вайне такіх арганізацыяў недапушчальнае і мае быць спыненае», – напісаў міністр Эдгарс Рынкевіч у сваім твітары.



Рыжская дзіцячая акадэмія радыё і тэлебачання «Academy KidsTV» паехала ў Віцебск на фестываль « Славянскі базар».

У Акадэміі заяўляюць: гэта «прыгожы дзіцячы конкурс, у якім удзельнічаюць 23 краіны», таму не ўбачылі прычынаў, каб не наведаць суседнюю краіну. Арганізацыя дадае, што раней яе гадаванцы ездзілі ў Іспанію, Літву і плануюць у Македонію.

«Шмат розных дзіцячых заняткаў, нам было вельмі цікава. Мы хадзілі фатаграфавацца, адпрацоўваць інтэрв’ю на розных мовах. У асноўным нашы дзеці размаўляюць па-англійску», – расказалі ў дзіцячай арганізацыі.

Праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» не прамінуў адзначыць удзел латышоў на фэстывалі. Ён напісаў, што «перад сцэнаю Першага падлавілі журналісты рыжскай дзіцячай Акадэміі Радыё і тэлебачання».

На апублікаваным фота падлетак з мікрафонам стаіць побач з Лукашэнкам. У каментары да яго напісана:

«Упэўненыя, што ў дадзенай сітуацыі ў свеце, гэта будзе пазітыўнай падзеяй у грамадскіх адносінах».

У Міністэрстве замежных спраў Латвіі ўказваюць, што «рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму падтрымлівае ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны, супраць яго накіраваныя сурʼёзныя міжнародныя санкцыі».

Акрамя таго ў міністэрстве звяртаюць увагу, што спецслужбы Латвіі, так і іншых краін НАТА публічна папярэдзілі аб разведвальна-вярбовачнай дзейнасці расійскіх і беларускіх спецслужбаў.

Дзяржаўтаінспекцыя адпрацуе месцы несанкцыянаванага гандлю на дарогах. Пакуль толькі ў Мінскай вобласці

Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі сталічнага рэгіёну возьмуцца за грамадзян, якія прадаюць прадукцыю ў непасрэднай блізкасці ад аўтамабільных дарог. Гэта тычыцца тых хто вырашыў на ажыўленых магістралях падзарабіць, прадаючы дары лесу, ці вырашчанае на сваіх палетках.

Комплекс прафілактычных мерапрыемстваў міліцыянты назвалі «Дарога для дарожнага руху».

Заяўляецца, што іхныя меры скіраваныя на папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму і спыненне фактаў знаходжання на дарогах асоб у стане ап’янення.

Асаблівую ўвагу, піша агенцтва «Белта», супрацоўнікамі ДАІ нададуць грубым парушэнням уразлівай катэгорыяй удзельнікаў дарожнага руху: пешаходамі, веласіпедыстамі, возчыкамі коннага транспарту.

За пашкоджанне, забруджванне або загрувашчванне аўтамабільнай дарогі, а таксама пагрузку і выгрузку ладунку на праезнай частцы пагражае штраф да 160 рублёў.

фота: brestcity.com

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічых тых, хто зазнае яго.

______________________________________________________________________________________________________

Ганна Кандраценка

Жыхарку Магілёва прысудзілі да трох гадоў калоніі за абразу Лукашэнкі, старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму, суддзі і міліцыянтаў.

Паводле праваабаронцаў, абвінавачанне сцвярджала, што жанчына размяшчала «абразлівыя каментары ў некалькіх дэструктыўных тэлеграм-каналах» на працягу 2021 года.

Суддзя Наталля Панасенка пастанавіла спагнаць з Кандраценкі штраф у памеры 3200 рублёў.

______________________________________________________________________________________________________

Ягор Лебядок

Вайсковаму эксперту прысудзілі 15 сутак арышту за, нібыта, «непадпарадкаванне». Адміністрацыйную справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня.

Лебядка затрымалі раніцай 12 ліпеня. Пасля на праўладных каналах з’явілася «пакаяльнае» відэа з ім. Падчас вобшуку ў Лебядка забралі сістэмны блок і мабільны тэлефон.

______________________________________________________________________________________________________

Канстанцін Рудніцкі

Суддзя Кацярына Груда прызначыла палітвязню 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 3200 беларускіх рублёў. Пад вартай яго трымалі сем месяцаў.

23-гадовага былога студэнта-праграміста за «Дапамога ў незаконных дзеяннях з персанальнымі звесткамі» ды «Дапамога ў распальванні варожасці».

______________________________________________________________________________________________________

Мікалай Шарах

Асуджаны на 15 сутак за аватарку ў Фэйсбук.

паводле калегаў, старшыню Свабоднага прафсаюзу беларускага затрымалі, калі ён вяртаўся з Вярхоўнага суда, дзе разглядалася справа аб ліквідацыі гэтага прафсаюзу.

______________________________________________________________________________________________________

Анастасія Малашук і Аляксей Кедыш

Пасля чатырох месяцаў у следчым ізалятары заснавальнікаў брэнда керамікі Piuceramics асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Іх прызналі вінаватымі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Па абвяшчэнні прысуду абодва былі вызваленыя ў зале суда.

______________________________________________________________________________________________________

Аксана Каспяровіч

На волі.

Пад крымінальны пераслед трапіла за каментар па «справе Зельцара».

Вырак вынеслі 29 чэрвеня ў Гарадзенскім абласным судзе. Настаўніцу музычнай школы з Ліды пакаралі 1 годам і 2 месяцамі агульнага рэжыму, прызнаўшы вінаватай у «распальванні варожасці». З улікам тэрміну, які Аксана ўжо правяла ў СІЗА, сядзець ёй заставалася менш за два тыдні і 8 ліпеня Аксану вызвалілі.