На Блакітнай крыніцы 25 чэрвеня пройдзе “Сырны фэст”

Выстава-кірмаш хатніх сыроў, традыцыйнай і эксперыментальнай прадукцыі беларускіх малочных камбінатаў з Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцей пачнецца ў суботу, у 9.00 – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Акрамя сырных пачастункаў, удзельнікам прапануюць мёд і вырабы мясцовых рамеснікаў, а таксама насычаную святочную праграму.

Кулінарны фестываль праводзіцца каля вёскі Кліны Слаўгарадскага раёна, недалёка ад помніка прыроды Рэспубліканскага значэння “Блакітная крыніца”.

фота: mogilevnews.by

На Магілёўшчыне падпіты трактарыст «баднуў» каток і ўцёк

Асведчанне паказала, што алтракаголю ў ягоным арганізме – 2,4 прамілі (2,1 – гэта прыкладна паўлітра гарэлкі)

Гэта гісторыя адбылася ў Слаўгарадскім раёне. Як піша мясцовая раёнка «Прысожскі край» работнік аграпрамысловага комплексу на трактары сутыкнуўся з дарожным катком і збег з месца здарэння. Быўшы затрыманым міліцыя выявіла, што парушальнік у стане алкагольнага ап’янення.

Яго аштрафавалі на 5 800 рублёў (200 базавых велічынь) і пазбавілі права кіраваць транспартным сродкам на 5 гадоў.

На апублікаваных фотаздымках бачна, што аварыя была сур’ёзнай. У трактара адвалілася кола і ён уткнуўся ў зямлю.

фота: slavgorod.by

У Слаўгарадзе ўзялі вырабляць аналаг жавальных цукерак з Германіі. Што з цукрам, солью, алеем

Кіраўнік канцэрну «Белдзяржхачпрам» супакойвае: сітуацыя пад кантролем.

Партал Myfin.by распавядае пра сітуацыю ў канцэрне ў святле праблемаў, выкліканых вайной ва Ўкраіне і ўведзенымі санкцыямі супраць Беларусі за падтрымку расійскай агрэсіі.


«Белдзяржхачпрам» асноўны вытворца харчовай прадукцыі. Ён праводзіць адзіную эканамічную, тэхнічную і тэхналагічную палітыку ў харчовай прамысловасці. Канцэрн аб’ядноўвае больш за два дзясяткі падгалінаў, якія вырабляюць сотні найменняў харчовых тавараў.


Свой агляд Myfin.by падрыхтаваў, абапіраючыся на інтэрв’ю старшыні канцэрну Алега Жыдкова тэлеканалу СТВ. Ён расказаў, што імпартазамяшчаюць беларускія кандытарскія прадпрыемствы, чаму падаражэў цукар, ці хопіць краіне сваёй солі, калі яе пастаўкі з Украіны спыніліся і як справы з імпартам-экспартам алею.

Магілёў.media падае публікацыю Myfin.by у скарочаным выглядзе.

Цукар

Пасля росту цэн на 60 капеек за кілаграм у красавіку абʼёмы рэалізацыі тавару ўпалі ў чатыры разы, прычым зніжэнне працягваецца. Гэта сведчыць, што ў Беларусі няма дэфіцыту тавару, а раней прынятыя меры (абмежаванне вывазу і дзяржрэгуляванне цэн) далі магчымасць утрымаць ліхаманкавы попыт на яго і не дапусціць недахопу, у тым ліку з-за продажу беларускага цукру ў Расію, дзе цэны значна вышэй за беларускія.

Соль

Спынення паставак солі з Украіны абʼёмы вырабу «Мазырсолі» выраслі на 20% – у суткі з канвеера сыходзіць 320 тон фасаванай прадукцыі. Прадпрыемства працуе кругласутачна і без выходных, павялічыўшы таксама абʼёмы здабычы.

Каменную соль на ўнутраны рынак пастаўляе таксама «Беларуськалій» – яго доля ў гэтым сегменце складае да 20%. У цэлым жа прыкметнага падаражэння тавару не адбылося.

Сітуацыя з соллю на кантролі ўраду і канцэрне.

Алей

Імпартныя пастаўкі сланечнікавага алею на 100 працэнтаў ажыццяўляюцца з Расіі. У Беларусі таксама вырабляецца і свой дэзадараваны рафінаваны алей на імпартнай сыравіне.

Вялікім попытам у такіх краінах Еўропы, як Літва, Латвія і Данія, карыстаецца беларускі рапсавы алей. Многія пакупнікі з ЕС гатовы набываць яго « у любой якасці і колькасці» на ўмовах поўнай перадаплаты і па значна больш высокіх цэнах, чым устаноўлены для нашага спажыўца.

Кандытарскія вырабы

«Белдзяржхарчпрам» імкнецца наладзіць выпуск у Беларусі той прадукцыі, якую ў асноўным везлі з Еўрасаюзу. У асноўным гэта кандытарскія тавары, у прыватнасці, жавальны мармелад, вітамінізаваныя цукеркі, фруктовы мармелад, а таксама некаторыя віды шакаладу.

Неўзабаве ў Беларусі зʼявяцца айчынная замена папулярным жавальным цукеркам нямецкага брэнда Haribo – вытворчая лінія па выпуску адпаведнай прадукцыі з 1 красавіка пачала работу ў Слаўгарадзе. Новае прадпрыемства за год зможа выпускаць да 3,5 тыс. тон прысмакаў.

Жыхары Слаўгарадчыны чакаюць завяршэння рэканструкцыі раённай бальніцы

У Слаўгарадзе паціху завяршаецца рэканструкцыя раённай бальніцы, асноўны корпус якой быў пабудаваны яшчэ ў 1975-м годзе. Перабудова і развіццё бальніцы даўно наспела. Рэканструкцыя дазволіць пашырыць аддзяленні і кабінеты, прадугледжана і ўсталяванне сучаснага медабсталявання.

Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці аказаўся адным з самых забруджаных рэгіёнаў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тым не менш, будынак слаўгарадскай цэнтральнай раённай бальніцы і паліклінікі капітальна не рэмантаваўся з 1975 года, час ад часу праводзіўся толькі бягучы рамонт. Будынак не толькі маральна, але і фізічна састарэў, спарахнелі інжынерныя і вентыляцыйныя сеткі, зносілася сантэхнічнае абсталяванне. Жыхары раёна і персанал бальніцы даўно казалі пра неабходнасць абнаўлення бальніцы. Яно стала магчымым дзякуючы фінансаванню з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, сума склала 4,5 млн. Br.

Цяпер завяршаецца першы этап рэканструкцыі – рамонт лячэбнага корпуса. За год будаўнікі прывялі ў парадак будынак, правялі перапланіроўку, замянілі ліфты, надалі бальніцы больш сучасны выгляд. Змянілася і прызначэнне некаторых памяшканняў, што дазволіць зрабіць кабінеты ўрачоў і палаты для пацыентаў больш прасторнымі і ўтульнымі. Ідзе закуп сучаснага медыцынскага абсталявання, мэблі.

Пасля рэканструкцыі пашырацца магчымасці лабараторных даследаванняў і ўльтрагукавой дыягностыкі. У планах – пашырэнне эндаскапічнага аддзялення, каб праводзіць абследаванні ЖКТ на месцы, каб жыхары раёна не ездзілі ў абласны цэнтр. У бальніцы павялічылася колькасць кіслародных пунктаў да 31. Ідзе падрыхтоўка пляцоўкі для ўстаноўкі кіслароднага газіфікатара. Абноўленая бальніца разлічана на 73 ложкі. Усяго ЦРБ абслугоўвае амаль 13 тысяч чалавек.

Другая чарга рэканструкцыі тычыцца паліклінікі, якая размяшчаецца ў адным будынку з бальніцай. У змену паліклініка ў Слаўгарадзе разлічана на 500 наведванняў. Грашовыя сродкі выдзяляюцца па дзяржаўнай праграме “Пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”. На рэканструкцыю паліклінікі неабходна знайсці яшчэ больш за 5 млн. Br.