У Магілёве «скандальную» АЗС зачынілі, але на рэканструкцыю

Радасць тых, хто пратэставаў супраць узвядзення аўтазаправачнай станцыі, што яе зачынілі, наагул была заўчаснай. АЗС рэканструююць. Так пазначана ў пашпарце аб’екту. Паводле яго звестак, у абноўленым будынку будзе сервіз комплексных паслугаў.

Як удалося высветліць, на запраўцы прадугледжаная і кавярня, якую, як спадзяваліся жыльцы прылеглых дамоў, адчыняць замест АЗС.

Гэта запраўка непадалёк ад помніка святару Георгію Каніскаму, які паставілі тры тыдні таму на глядзельнай пляцоўцы побач з лесвіцай у Падмікольскі парк – за сто метраў ад плошчы Арджанікідзэ. Мясціна – гістарычная частка гораду.

20 гадоў таму гараджан абурыла ўзвядзенне аўтазаправачнай станцыі ў цэнтры Магілёва. Звароты з пратэстамі яны пісалі ў гарвыканкам, які праігнараваў меркаванне жыхароў. АЗС пабудавалі.

Яе «закрыццё» узрадавала тых, хто памятае пратэстную эпапею, якая вымусіла тагачаснага кіраўніка гораду Віктара Шорыкава апраўдвацца, нагадваў Магілёў.media пра падзеі 2003 году.

Шорыкаў тады вымушаны быў прызнаць факт будаўніцтва небяспечнага аб’екту і намагаўся супакоіць незадаволенасць землякоў, сцвярджаючы, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць істотна зменшыць уплыў АЗС на навакольнае асяроддзе.

Настаўнік беларускай мовы з Магілёва перамог у лёгкаатлетычным забегу «Шахцёр-трэйл»

Юрась Каласоўскі, вядомы ў Магілёве не толькі як марафонец, але і як грамадскі актывіст, які вучыў ахвотных беларускай мове на моўных курсах. 

Ён – настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Яго прызнавалі найлепшым настаўнікам Магілёва і вобласці.

У Салігорску на забегу «Шахцёр-Трэйл» Юрась Каласоўскі перамог на самай прэстыжнай дыстанцыі ў 40 кіламетраў. Ён прабег яе за 2 гадзіны, 45 хвілін і 53 секунды!

У салігорскім забегу ўдзельнічала больш за пяцьсот удзельнікаў. Ім прапаноўваліся на выбар дыстанцыі ў 40 км, 20 км, 6 км, піша інтэрнэт-выданне «Шахцёр».

фота: Шахцёр

Магілёўшчына ў антылідарах – статыстыка ўзроўню жыцця беларусаў у ІІ квартале 2022 года

Па ўзроўні малазабяспечанасці насельніцтва, у працэнтным паказчыку ад усіх жыхароў, самым дэпрэсіўным рэгіёнам Беларусі аказалася Магілёўшчына. Тут малазабяспечанымі хатнімі гаспадаркамі з’яўляюцца 5,9 % сем’яў ад агульнай колькасці.

На Брэстчыне гэтая лічба складае 5,5 %, на Гомельшчыне – 5,4 %. Найлепшы паказчык дэманструе горад Мінск – усяго 1,2 % гаспадарак тут лічацца малазабяспечанымі.


Малазабяспечаныя сем’і – гэта сем’і, узровень даходаў на аднаго члена сям’і ў якіх ніжэй за бюджэт пражыткавага мінімуму – зараз гэта 328,5 рублёў.


Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі прадставіў бягучыя падсумаванні адносна ўзроўню забяспечанасці сем’яў, узроўні жыцця і размеркаванню рэсурсаў за красавік-чэрвень бягучага года.

Выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак па краіне выявіла, што ў сярэднім адна беларуская сям’я магла разлічваць на суму ў 1 781 рубель на месяц на дадзеным адрэзку часу. Гэта грошы, якія заставаліся ў руках у сярэднестатыстычнай гасподзе пасля складання разам усіх заробкаў працуючых членаў сям’і і пасля выплаты ўсіх неабходных падаткаў і плацяжоў. З гэтай сумы 71,8 працэнта звычайна людзі трацілі на спажывецкія патрэбы.

Структура спажывецкіх выдаткаў сярэдняй беларускай сям’і пераважна ўключыла ў сябе затраты на харчаванне – 41,2 %, пакупку нехарчовых тавараў – 31,5 % і аплату паслуг – 24,7 %. Затраты на жыллёва-камунальныя паслугі ў сярэднім занялі суму ў 6,5 % ад сумарнага даходу сям’і.

Статыстыка паказвае на залежнасць узроўню малазабяспечанасці сямейнай гаспадаркі ад умоваў пражывання. Так, у сярэднім па Беларусі сярод гарадскіх сем’яў назіраецца паказчык у 3,1 % малазабяспечаных, а ў сельскай мясцовасці – 6,4 %. Наогул па Беларусі за рысай беднасці пражывае 3,9 % насельніцтва.

 

У Магілёве выпаў з акна студэнт

Трагедыя адбылася ў адным з інтэрнатаў беларуска-расійскага ўніверсітэту.

Вядома, што хлопец выпаў з акна чацвёртага паверху і з траўмамі дастаўлены ў шпіталь.

Міліцыя занятая расследаваннем.

У Магілёве для першакласнікаў, чые бацькі члены «Белай Русі», арганізавалі свята. На ім раздавалі марозіва

На ўсцяж рускамоўнае свята прыйшло некалькі сот чалавек. Шмат дзяцей.



Хто на свяце найбольш чаканы, гаварылася ў яго анонсах.

«У скверы 40-годдзя Перамогі адбудзецца гарадское свята «Здравствуй школа!» для першакласнікаў, чые бацькі з’яўляюцца членамі РГА «Белая Русь», паведамляў «Веснік Магілёва.

Адзначалася, што ў скверы «40-годдзя Перамогі» будзе арганізавана дэгустацыя прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў. Сярод іх згадваліся «Фабрыка марожанага» і «Бабушкіна крынка», якія вырабляюць шмат смачнага для дзяцей. 

Свята абвясцілі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Соберем портфель вместе”, накіраванай на дапамогу ў набыцці школьных прылад.

Некаторыя з удзельнікаў былі здзіўленыя адсутнасцю беларускамоўных выступленняў, але, па іх словах, дзятва не сумавала. Кожны знаходзіў сабе занятак.

У цэнтры Магілёва пілуюць дрэвы. Гараджане не задаволеныя, але што рабіць – не ведаюць

Ад дрэваў пазбаўляюцца ўздоўж праезнай часткі вуліцы Піянерскай. Гэта адна з самых загружаных гарадскіх магістраляў цэнтры Магілёва. На ёй дазволены праезд транзітнага буйнатанажнага транспарту.

Як паведамілі Магілёў.media чытачы, з выгляду здаровыя дрэвы спілоўваюць і тут жа вывозяць. Працы вядуцца ў аўральным рэжыме. Камлі распілоўваюць на месцы, а галлё крышаць на шчапу. Работнікі адмаўляюцца гаварыць, чаму пазбаўляюць цэнтар гораду ад патрэбных яму раслін.

Па словах адной з незадаволеных гараджанак, у гарвыканкаме з такімі пытаннямі просяць звяртацца пісьмова. Яна кажа, што цяпер гэта рабіць небяспечна, бо “потым саму ніхто не абароніць”.

На Магілёўшчыне сітуацыя з рэспіраторнымі і кавід-інфекцыямі «дастаткова напружаная». Медыкі ў чаканні росту захворванняў

Штотыдзень фіксуецца павелічэнне колькасці хворых з рэспіраторнымі інфекцыямі да 10-15 працэнтаў, а з кавід-інфекцыямі да 40-50 працэнтаў.

«Сітуацыя застаецца дастаткова напружаная і мы ў чаканні чарговага ўздыму рэспіраторных інфекцыяў, у тым ліку і кавід-інфекцыяў» – кажа галоўны санітарны ўрач Магілёўскай вобласці Святлана Нячай у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 4 Магілёў».

Яна лічыць, што заўчасна, на дадзены момант, казаць пра кавід-інфекцыю, як сезоннае захворванне.

Па яе словах, захворвальнасць рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку кавід-інфекцыямі, нарастае.

«Па рэспіратарным гэта блізу 10-15 працэнтаў штотыднёва, па кавід-інфекцыі, па статыстыцы дыягностыкі, гэта лічба нават вышэй. Яна даходзіць да 40-50 працэнтаў за тыдзень. Але пры гэтым захворвальнасць у абсалютных лічбах даволі невялікая. Усё гэта гаворыць пра неабходнасць ужывання прафілактычных захадаў, аналагічна тым, якія выкарыстоўваліся і раней», – тлумачыць сітуацыю Святлана Нячай.

Яна адзначае, што актуальнай застаецца асабістая гігіена, а ў месцах, дзе немагчыма вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю, трэба бараніць органы дыхання. Што да масачнага рэжыму, то, на погляд галоўнага санітарнага ўрача, яго будуць выкарыстоўваць кропкава.

Па словах Нячай, з канца верасня ў паліклініках будзе даступная вакцына супраць грыпу і вакцынацыя ад яго ў цяперашніх умовах дужа актуальная.

фота: belinstitute.com

Сачыў за прадпрымальнікам і ноччу скраў з яго машыны інструмент

Раней ужо асуджаны за крадзеж, 49-гадовы жыхар Воршы здзейсніў прадуманае рабаўніцтва ў Магілёве – паведамляе.

Ён доўга сачыў за мікрааўтобусам індывідуальнага прадпрымальніка, паведамляе прэс-служба абласной міліцыі.

33-гадовы магілёўскі бізнесмен на вачах у зламысніка доўгі час пагружаў і раскладваў тэхніку ды інструмент у сваім транспартным сродку. Пра факт знаёмства паміж зламыснікам і ахвярай нічога не паведамляецца – верагодна, аршанец стаў выпадковым сведкай маніпуляцый магілёўца.

А другой гадзіне ночы жыхар Воршы пад’ехаў да прыпаркаванага ў двары мікрааўтобуса прадпрымальніка. Узламаўшы замок багажніка, скраў з аўтамабіля маёмасці на 10 000 рублёў і з’ехаў з ім у Воршу.

Зламысніка выкрылі па гарачых слядах, паведамляюць у прэс-службе УУС, а ўсё нарабаванае вернута ўласніку.

Прыгожае відэа з магілёўскай пагулянкай. 4 частка – музыкі

У магілёўскай пешаходніцы ёсць свой голас. Яго ствараюць не толькі прахожыя сваёй гаманою, але і вулічныя музыцы. Гэта, пераважна, маладыя людзі, якія свой горад стараюцца зрабіць напраўду сваім. Невялікае відэа з пагулянкі, прысвечанае тутэйшым музыкам і іх рамяству рабіць жыццё вуліцы весялейшым.

 

Пешаходную вуліцу ведае кожны магілёвец. Гэта ўлюбёнае месца шпацыру гараджанаў. Яны прыязджаюць з аддаленых куткоў Магілёва, каб прайсціся ёю. Адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

Працягласць нашай пешаходніцы 1490 метраў. Іх мы пройдзем з відэакамерай і пакажам тое, што, можа, не разгледзелі землякі заклапочаныя сваімі справамі, ці захопленыя прыяцельскімі гутаркамі.

Такім чынам, у дарогу. На відэа сённяшняга дня – чацвёрты адцінак падарожжа.

Выхадзец з Алтаю прыехаў у Магілёў, выдумляе «казачью общину» і вучыць шанаваць «гісторыю агульнай некалі краіны»

Намеры стварыць у абласным цэнтры «казачью общину «Казаки города Могилева»» агучыў заўсёднік праўладных мерапрыемстваў Алег Ахрэменка пад час адзначэння гадавіны смерці савецкага пісьменніка і журналіста Канстанціна Сіманава. Ягоны прах развеяны над Буйніцкім поле пад Магілёвам. Там жа стаіць яму памятны знак.

mogilove.by

Пра Алега Ахрэменка стала вядома з леташняга велапрабегу «За единую Беларусь». На ім ён шчыраваў за «айчыну і праваслаўную веру». Ахрэменка нязменна пазіруе ў кубанцы. Кажа, што родам з Алтаю і настойвае, каб «мы ведалі гісторыю нашай агульнай некалі краіны». Хаця, падкрэслівае ён, для яго «яна дагэтуль адна».

У Магілёве асобы апранутыя ў казацкае найчасцей з’яўляюцца на праўладных імпрэзах, а таксама на дзействах, якія арганізуе праваслаўная царква. Яны альбо нясуць абразы, альбо ўдаюць з сябе ахоўнікаў грамады. Былі спробы прыцягнуць іх да аховы грамадскага парадку на гарадскіх фэстах разам з міліцыяй. З гэтай задумы пакуль нічога не атрымалася.

Спробы стварыць «казацкія» фармаванні ў Магілёве адбываліся і раней у сучаснай Беларусі, але праваслаўнае духавенства, якое з’яўляецца юрыдычным «патронам» падобных ініцыятыў у нашай краіне, мела выразна акрэсленыя межы гэтай самадзейнасці. Казацкую арганізацыю было дазволена мець толькі ў Бабруйску.

Сучаснае «казацтва» пранікае ў Беларусь у моцна скажоным, што да гістарычнага паходжання гэтага феномена, выглядзе. Гэта найперш прарасійская ініцыятыва, якая не ведае і не ўлічвае складанага і пакручастага лёсу сапраўднага казацтва.

Казацтва як з’ява паявілася шмат у чым дзякуючы высілкам так званага першага кашавога атамана Астафея Дашкевіча, які быў на пачатку XVI стагоддзя старастам крычаўскім, канеўскім і чаркаскім.

У пачатку сваёй гісторыі казакі праводзілі лета на Дняпроўскіх парогах, а зімавалі на Магілёўшчыне. Іх першапачатковай задачай была абарона паўднёвых зямель Вялікага Княства Літоўскага ад турэцкай і крымскай пагрозы. Запарожскае казацтва, якое вырасла з ініцыятывы Дашкевіча, было забароненае ў Расійскай імперыі пры Кацярыне ІІ.