Знойдзены кашалёк перастаў быць прыкметай удачлівасці – у гэтым пераканаўся 33-гадовы жыхар абласнога цэнтра, калі на скамейцы каля крамы знайшоў чужыя грошы і тэлефон. Забраўшы і тое і другое, раней не судзімы рабочы аднаго з магілёўскіх прадпрыемстваў проста пайшоў да сябе дахаты. Як высветлілася, гаманец з 1 600 рублёў і мабільнік за 900 на гэтым месцы пакінуў 31-гадовы жыхар горада. Ён тэрмінова вярнуўся ў краму для вырашэння канфліктнай сітуацыі з іншым пакупніком. Супраць мужчыны, які прысабечыў чужую ўласнасць, узбуджана крымінальная справа – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.
Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар
Будынак галоўнай пошты ў цэнтры Магілёва 15 лістапада на тры месяцы зачыняецца на рамонт. Але яго паслугі можна будзе атрымліваць тут па-ранейшаму.
У пасылачнай секцыі злева ад галоўнага ўваходу можна атрымаць ці адправіць бандэролі і пасылкі.
А вось прымаць плацяжы пошта будзе на другім паверсе будынку галоўпаштамта. Туды трэба ўваходзіць са двара. Аплаціць паслугі магілёўцы змогуць таксама ў тэрміналах у фае на першым паверсе.
Адной з першых крам, дзе пачаўся тэматычны продаж калядных цацак і гірляндаў да навагодніх святаў, аказалася “Ома” на вуліцы Маўчанскага. Таксама тут паставілі і ўжо пачалі ўпрыгожваць агромністую штучную ёлку на ўваходзе.
А калі ўспрымаць колеравую гаму выставачнай вітрыны як рэкамендацыйную, то адразу кідаецца ў вочы прыемнае спалучэнне белага і чырвонага на ёлцы, што выступае як узор.
48-гадовы магілёвец скраў пагрузчык свайго дзелавога партнера, у якога раней набыў прадпрыемства – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы МУС.
Папярэдні ўладальнік прадпрыемства не паспеў вывезці сваё абсталяванне з ужо прададзенага аб’екта. Гэтым скарыстаўся пакупнік бізнэса, які распарадзіўся вывезці пагрузчык коштам 8 тысяч рублёў на свой іншы аб’ект.
Работнікі прадпрыемства спрабавалі спыніць адкрыты крадзёж, але безвынікова. Супраць бізнэсмена, які завалодаў чужой маёмасцю, узбуджана крымінальная справа за крадзёж у буйным памеры. Пагрузчык вернуты ўладальніку.
Як і паўсюль на Беларусі, гэта будзе “Вкусно и точка”.
Усе рэстараны сеткі McDonald’s, што знаходзяцца пад кіраваннем прадпрыемства “КСБ Віктары рэстараны” будуць працаваць пад новым брэндам – паведаміла сетка хуткага харчавання на сваім афіцыйным сайце.
Цяпер у Беларусі адкрыта 25 рэстаранаў McDonald’s у шасці гарадах, штогод яны абслугоўваюць больш за 10 млн гасцей.
McDonald’s сыйшоў з Расіі з-за агрэсіі супраць Украіны, на Беларусі сетка працягвала працаваць па франшызе.
У стартап-школе будуць вучыць як пачаць бізнэс з нуля, альбо на дэкрэтным.
Стартап-школа “Азбука бізнесу для жанчын” пройдзе ў Магілёве ў наступны чацвер, паведамілі ў Магілёўскім гарадскім цэнтры развіцця малога прадпрымальніцтва агенцтву БелТА. Удзел у мерапрыемстве бясплатны, але колькасць месцаў абмежаваная, таму неабходна папярэдне зарэгістравацца.
У праграме стартап-школы – інфармацыйны блок аб асаблівасцях жаночага прадпрымальніцтва ў Магілёве, тэарэтычная частка, прысвечаная пытанням адкрыцця сваёй справы без папярэдніх укладанняў, а таксама прэзентацыя магчымасцей вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, будучы ў дэкрэтным адпачынку. Пра свае поспехі і шляхі станаўлення ў малым бізнесе ўдзельніцам стартап-школы раскажуць магілёўскія прадпрымальніцы.
Заняткі стартап-школы адбудуцца ў памяшканні Саюза прадпрымальнікаў па вуліцы Ленінскай, 21 (каля тэатральнага сквера, на рагу вуліц Ленінскай і Камсамольскай). Зарэгістравацца на стартап-курсы можна па тэлефонах: 8 (0222) 77-09-21, 8 (0222) 76-08-63 або па e-mail: mgcrmp2011@mail.ru
Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц
12 і 13 лістапада завяршаецца сезон сельгас-кірмашоў у Магілёве. Апошнія продажы садавінна-гародніннай прадукцыі сезона пройдуць на дзвюх пляцоўках. Першая размесціцца каля спартыўнага комплекса «Н2О» на вуліцы Залатавустоўскага, а другая на пляцоўцы каля гарадскіх атракцыёнаў і ДК вобласці. Час працы кірмашоў – з 10 да 16 гадзін.
Пакупнікам тут прапануюць садавінагародніную, мясную і рыбную прадукцыю, саджанцы, угнаенні, насенне.
Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц
Люкі магілёўскай вытворчасці можна сустрэць нават на Неўскім праспекце ў Санкт-Пецярбургу.
З 1932 года прадпрыемства выпускае разнастайную высокатэхналагічную металургічную прадукцыю, пра якую не ведае большасць жыхароў Магілёўшчыны.
Самая запатрабаваная прадукцыя, як сведчаць самі металургі, – сталёвыя трубы розных дыяметраў, гатункаў і формы. Тут вырабляюцца электразварныя прамашоўныя, водагазаправодныя і профільныя трубы самых розных дыяметраў. Трубы замаўляюць усе флагманы беларускага машынабудавання, 90 працэнтаў прадукцыі экспартуецца ў Расію, а раней пастаўлялася і ў Германію.
Ліцейны цэх – найстарэйшае структурнае падраздзяленне завода. Чыгуннае ліццё – другая па аб’ёме вытворчасці група тавараў. Тут адліваюць чыгунныя люкі і вырабляюць шрот (дроб) чыгунны літы і колаты розных фракцый. Стаў найлепшым сярод асноўных цэхаў ён і па выніках працы за 2021 год. Да вайны чыгунны шрот экспартаваўся нават ва Украіну, дзе вырабляецца свая прадукцыя дадзенага тыпу.
З 2016 года арганізавана вытворчасць чарнавой чыгуначнай восі – адносна новая для завода. Працэс тут максімальна аўтаматызаваны: спецыяльнае абсталяванне дзейнічае ў адпаведнасці з праграмай, якую закладваюць аператары пастоў кіравання.
Аб высокай ацэнцы якасці прадукцыі сведчаць вынікі конкурсу “Лепшыя тавары Беларусі” і “Лепшы будаўнічы прадукт”. Пераможцам у намінацыі “Водазабеспячэнне і каналізацыя” быў прызнаны “Дожджапрыёмнік ДМ1(С250)-1-60”. У папярэднія гады ў конкурсе “Лепшы будаўнічы прадукт” адзначаліся запаўняльнік для цяжкіх бетонаў, люк цяжкі палегчаны і люк лёгкі палегчаны.
У цяперашні час завод выпускае: трубы сталёвыя; чыгуначныя восі чарнавыя; дроб тэхнічны; чыгуннае ліццё; тавары народнага спажывання; малыя архітэктурныя формы. Праца ва ўмовах санкцый прымусіла закупляць драўніну на ўнутраным рынку і развіваць на сваіх пляцах вытворчасць сучаснай мэблі, якая мае ў аснове металічны каркас.
Геаграфія паставак прадукцыі дастаткова шырокая. Люкі магілёўскай вытворчасці можна сустрэць нават на Неўскім праспекце ў Санкт-Пецярбургу, а запаўняльнік для цяжкіх бетонаў Магілёўскі металургічны завод пастаўляў на беларускую АЭС і многія іншыя аб’екты. Асноўныя рынкі збыту сёння – гэта Беларусь, Расійская Федэрацыя, Казахстан. У якасці перспектыўных разглядаюцца і рынкі азіяцкіх краін.
Асартымент тавараў народнага спажывання ўключае такую прадукцыю, як лесвіца-драбінка, падстаўка для кветак, урна-попельніца, апора стала і інш. Вялікую цікавасць у спажыўцоў выклікае вытворчасць на замову элементаў уладкавання прыдамавых тэрыторый. Прадпрыемства прымае індывідуальныя замовы на кантэйнеры для збору ТБА, гарадскія скрыні, садовыя лавы і абсталяванне спартыўных пляцовак.
Круглую дату адзначылі на заводзе ўзнагародамі лепшых работнікаў, святочнай імпрэзай і канцэртам.
У сувязі з рамонтнымі работамі на ўчастку Магілёў-Жлобін мяняецца графік адпраўлення цягніка на Гомель з Магілёва. Поезд №615/616 будзе выходзіць у 08:25, што на 2 гадзіны і 35 хвілін раней за звычайны час – паведамляе афіцыйны сайт “Беларускай чыгункі”.