помощник лукашенко

Былы міністр, які кашмарыў ІП – разбіраемся, каго прызначылі інспектарам па Магілёўшчыне

Сёння стала вядома, што Лукашэнка правёў шэраг кадравых прызначэнняў на важныя дзяржаўныя пасады. Так, новым міністрам культуры стаў актор Руслан Чарнецкі, які актыўна заўзее за рэжым. На гэтай пасадзе ён змяніў Анатоля Маркевіча, што асабіста прымаў удзел у рэпрэсіях супраць дзеячоў культуры, недастаткова лаяльных да афіцыйных уладаў па яго меркаванні.

Памочнікам Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці быў прызначаны былы міністр падаткаў і збораў Сяргей Налівайка – піша тэлеграм канал “Пул Першага”. На сваёй новай пасадзе ён змяніў Леаніда Мартынюка, які працаваў інспектарам па Магілёўшчыне з кастрычніка 2020 года.

Бабруйскі кадр

Сяргей Налівайка нарадзіўся ў 1973 годзе ў Бабруйску, яму 51 год. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, з 1995 па 2003 год працаваў у бабруйскіх структурах Міністэрства па падатках і зборах, а таксама намеснікам кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Бабруйска.

Пасля заканчэння Акадэміі кіравання, перайшоў працаваць у Магілёў, таксама ў падатковыя структуры. Кар’ерны ўзлёт яго адбыўся ў 2010 годзе, калі Налівайка быў прызначаны першым намеснікам міністра па падатках і зборах. У 2014 годзе ён і сам ужо стаў міністрам.

Характэрна, што падчас прызначэння на міністарскую пасаду, Налівайка заяўляў, што “ёсць галіны эканомікі, якія ўносяць недастатковы ўклад у папаўненне бюджэту”, а таксама што “грошы валяюцца пад нагамі, і многія грамадзяне гэтым карыстаюцца, а дзяржава гэтага не заўважае”. З гэтых цытат можна зрабіць выснову, што на сваёй новай пасадзе будучы міністр быў актыўным прыхільнікам дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку. 

Выкарчоўваў ІП, рамеснікаў і аграэкасядзібы 

Будучы міністрам па падатках і зборах, Сяргей Налівайка ўнёс істотны ўклад у новыя механізмы рэгулявання такіх адчувальных сфер эканомікі, як дзейнасць ІП і самазанятых, рамеснікаў, уласнікаў аграэкасядзіб. 

“Льготныя ўмовы, створаныя для ІП, у пераважнай большасці сталі выкарыстоўвацца як механізмы для ўхілення ад падаткаабкладання, для стварэння нядобрасумленнай падатковай канкурэнцыі, таму дзяржава вымушана была адрэагаваць і змяніць «правілы гульні».” – расказваў Налівайка на сваім прыёме грамадзян у Астраўцы.

Таксама пры ім было змененае заканадаўства ў галінах рамеснай дзейнасці і аграэкатурызму, што прывяло да масавага закрыцця шматлікіх сядзіб адпачынку на сяле і рэзкага скарачэння прадстаўнікоў рамесніцтва ў рэгіёнах. Ключавым фактарам тут стаў пераход ад заяўнага прынцыпа рэгістрацыі на дазвольны. Цяпер толькі выканкам на мясцовасці вырашае, хто з’яўляецца рамеснікам, а хто не, і тое ж самае датычыць аграэкасядзіб. У выніку гэта прывяло да таго, што колькасць аграсядзіб у Беларусі за 2023 год скарацілася з 3 150 да 1 300.

Фота: gstu.by