Былы дырэктар “Белшыны”, арыштаваны за карупцыю, будзе будаваць беларускі порт у Мурманску

У лютым 2023 года ў Бабруйску арыштоўвалі генеральнага дырэктара “Белшыны” Андрэя Бунакова – пісалі mogilev.media. Гісторыя з затрыманнем чыноўніка была рэзананснай – спачатку Бунакоў знік на некалькі дзён, потым яго адшукалі ў Следчым ізалятары, а потым пра чыноўніка выказаўся Лукашэнка. Пад час разбору сітуацыі з продажам бабруйскіх шын у Расію ніжэй за іх сабекошт, Лукашэнка быў абураны тым, што “бчб-шнікаў” садзяць у турму, а сваіх чыноўнікі прыкрываюць.

Учора беларускія і расійскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, што Андрэй Бунакоў сустракаўся з губернатарам Мурманскай вобласці і абмяркоўваў будаўніцтва марскога порта для патрэбаў Беларусі ў гэтым рэгіёне. У адпаведнасці з пагадненнем аб намерах, шматфункцыянальны комплекс па перавалцы мінеральных угнаенняў, нафтапрадуктаў, а таксама кантэйнерных і іншых грузаў збіраецца ўзвесці на тэрыторыі новага порта “Лаўна” ў Мурманску кампанія “Марскі тэрмінал “Вароты Арктыкі”.

Прадпрыемства «Марскі тэрмінал «Вароты Арктыкі», якім кіруе Бунакоў, мае статутны капітал у 180 млн расійскіх рублёў. Яно было зарэгістравана 1 красавіка 2024 года ў Мурманскай вобласці. Уладальнікамі расійскай кампаніі выступаюць грамадзянка Беларусі Малярова Нэлі Барысаўна (ёй належыць 1%) і ТАА «Лагістык Энэрджы» (99%) – адна з буйнейшых беларускіх лагістычных кампаній. Пры гэтым 100% «Лагістык Энэрджы» належыць усё той жа Маляровай, пра якую больш нічога невядома – піша reform.by.

Фота: БелТА