Жыхары пасёлка Глуша ў Бабруйскім раёне тры дні жылі ў страху з-за агрэсіі маладога бабра. Каб супакоіць жывёлу, спатрэбіліся дзіцячая ванначка, бляха і дзесяць хвілін. Бабёр не пацярпеў.
Пра прыгоды жыхароў пасёлка пад Бабруйскам піша “Камерцыйны кур’ер”. Дзікая жывёла шыпела, кідалася на навакольных і не пакідала аблюбаванае на ўскраіне пасёлка месца.
Мясцовыя жыхары абарвалі тэлефон аддзела па надзвычайных сітуацыях, у Бабруйскі лясгас нават паступіў званок з Бабруйскага райвыканкама. Ляснік і выручыў.
У Глушанскім доследна-вытворчым лясніцтве на дзяжурстве знаходзіўся ляснічы Ілля Дудаль. Ён выехаў на месца, да засады, створанай бабром. Прыйшлося прымяніць кемлівасць, распавядае Ілля:
– Гэта быў малады бабёр, кілаграмаў пад 12. Хутчэй за ўсё, ён шукаў новае месца для жыцця, вось і зайшоў у нізіну на ўскраіне пасёлка. Атрымалася, што з аднаго боку – дамы, з другога – дарога. Жывёла спалохалася і баялася выйсці. Тут яго і знайшлі мясцовыя жыхары, але не змаглі прагнаць. Бабры вельмі небяспечныя, яны могуць нанесці сваімі зубамі сур’ёзныя раны. Таму трэба быць асцярожнымі, не палохаць і не правакаваць іх. Выязджаючы на месца, я ўзяў з сабой дзіцячую ванначку. Такім метадам раней лавіў гусей: памеры гуся і бабра падобныя.
– Не марнуючы ні секунды, – працягвае ляснік – падышоў да бабра і накрыў яго ванначкай. Потым папрасіў мясцовых жыхароў прынесці ліст бляхі і прасунуў пад ніз, атрымалася зачыненая пастка. Разам з ратавальнікамі мы акуратна пагрузілі бобрыка ў машыну і выпусцілі ў бліжэйшую рэчку.
Фота: “Камерцыйны кур’ер”