Аляксандр Студнеў

Аляксандра Студнева перавялі на пасаду міністра будаўніцтва

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў быў прызначаны на пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва. Пасаду магілёўскага кіраўніка гарвыканкама ён займаў пачынаючы з кастрычніка 2022 года, замяніўшы на гэтым месцы Уладзіміра Цумарава.

Аляксандр Студнеў стаў магілёўскім “мэрам” у перыяд узмацнення рэпрэсій супраць тых прадстаўнікоў беларускага народа, якія асудзілі фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах і міліцэйскі гвалт у 2020 годзе. У час жорсткага грамадскага супрацьстаяння Цумараў выказваў адыёзныя заклікі ў падтрымку рэпрэсій, сцвярджаючы, што сілавікоў, якія падаўляюць волю беларускага народа, трэба прыраўняць да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандр Студнёў нарадзіўся ў Магілёве, яму 50 гадоў, жанаты, мае дзве дачкі.

Па адукацыі будаўнік – скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Таксама вучыўся ў Акадэміі кіравання. 

Працаваў майстрам у СУ-76 будтрэста № 12. Пэўны час быў намеснікам старшыні Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта па пытаннях горадабудаўніцтва і архітэктуры, а потым старшынёй камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама. Узначальваў затым РУП “Белбудцэнтр” – буйное шматпрофільнае прадпрыемства, якое ажыццяўляе цэлы шэраг будаўнічых паслуг.

З 2017 года быў мэрам Бабруйска.