Крычаўляне неаднаразова звярталі ўвагу на небяспечную і неналежную бакавую агароджу ўздоўж возера Маладзёжнае, асабліва на скрыжаванні вуліц Пугачова і Маладзёжнай. Справа ў тым, што агароджа досыць кволая і не зможа стрымаць аўтамабіль, які, не разлічыўшы, будзе ехаць на вялікай хуткасці. У такой сітуацыі ён патрапіць наўпрост у вадаём.
У сувязі з гэтым крычаўская аўтаінспекцыя на ўчастку дарогі каля былога кар’ера правяла праверку бакавой агароджы і высветліла, што яна не адпавядае тэхнічным патрабаванням арганізацыі дарожнага руху. Пытанне пра небяспечную бакавую агароджу на ўчастку дарогі ўздоўж возера Маладзёжнага на працягу года будзе вынесена на абмеркаванне ў раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху, для прыняцця рашэння па ўсталяванню надзейнай бар’ернай агароджы згодна з ўсімі тэхнічнымі патрабаваннямі – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Возера Маладзёжнае – былы кар’ер, які распрацоўвалі для патрэб мясцовага цэмзавода, а яго глыбыня сягае больш за 30 метраў.
Фота: “Крычаўскае жыццё” і з адкрытых крыніц