Ужо некалькі гадоў жыхары вуліцы Крутой у аграгарадку Мішні Мсціслаўскага раёна пакутуюць пасля капітальнага рамонту іх дамоў. Мясцовы “Жылкамгас” выканаў працы няякасна – скардзяцца яны і за апошнія гады дайшлі ўжо да чарговага дэпутата – піша “Святло Кастрычніка”.
На прыёме ў дэпутата адна з жыхарак аграгарадка распавяла, што рамонт даху толькі пагоршыў сітуацыю ў яе доме. Цяпер падчас дажджоў вада зацякае ў пад’езд, што прыводзіць не толькі да неэстэтычнага выгляду, але і становіцца прычынай сырасці ў яе кватэры.
– Праводзячы рамонтныя работ на аб’екце будаўнікамі была дэмантаваная ашалёўка сцен. – распавяла іншая жанчына з той жа вуліцы Крутой – Пасля капітальнага рамонту мы чакалі, што сцяны ўцяпляць, але гэтага не адбылося. Адсутнасць уцяпляльніка прыводзіць да сталага прамярзання сцен, з’яўленню цвілі. Зімой у маёй кватэры яшчэ і халодна.
Іншая праблема жыхароў пасёлка – транспартная. Як аказалася, вяскоўцам стала цяжка дабірацца да абласнога цэнтра. Усё таму, што рух грамадскага транспарту і маршрутак праз іх населены пункт не арганізаваны.
– Сёння мы вымушаныя дабірацца да Магілёва на цягніку. – распавялі жыхаркі пасёлка – Але адлегласць да бліжэйшага прыпынку – больш за 10 кіламетраў. Не ва ўсіх ёсць магчымасць яе пераадолець. Ды і расклад руху цягнікоў не заўсёды зручны. Прыехаўшы ў Магілёў мы не паспяваем вырашыць свае пытанні, як вымушаныя ўжо з’язджаць назад.
Фота: glubinka.by