Зрынуты вандаламі, апаганены скарбашукальнікамі – у Магілёве актывісты аднавілі чарговы помнік – відэа

Помнік Аляксандру Гаўрылавічу Бако знаходзіцца на Петрапаўлаўскіх могілках. Гэтыя могілкі размяшчаюцца на скрыжаванні вуліцы Гагарына і бульвара Непакораных. Яны адносіліся да Петрапаўлаўскай царквы, што стаяла прыблізна на месцы сучаснай гасцініцы “Турыст”. 

Помнік быў зрынуты з пастамента, верагодна, вандаламі ў 1990-х ці 2000-х гадах, а акрамя гэтага і магіла Бако і суседняе скляпенне зведалі апаганьванне з боку скарбашукальнікаў – на месцах пахаванняў дагэтуль зеўраюць вырытыя ямы.

Каманда актывістаў “Віра!” здзейсніла чарговую талаку па падняццю помніка. Магілёў.media паведамляла раней пра працы энтузіястаў на Лютэранскіх могілках па аднаўленні помніка Доўшпрунг-Целіцы і пліты з узгадкай пра загадкавага “чалавека, пахаванага чатыры разы”.

 

Імя Аляксандра Гаўрылавіча Бако з горада Магілёва ўзгадваецца ў дакументах у сувязі з яго ўдзелам ва Ўсерасійскай выставе 1882 года. Там магілёўскі прамысловец прадстаўляў скураныя вырабы – “белую юфць”.