Змяніліся правілы падачы на польскую візу

Колькасць візавых цэнтраў, куды маглі звярнуцца жыхары Магілёўшчыны, скарацілася. Акрамя таго, новы польскі ўрад зменшыў агульную колькасць віз для беларусаў.

Пачынаючы з 25 чэрвеня жыхары Магілёўскай вобласці, якія плануюць паездку ў Польшчу, могуць звяртацца ў візавыя цэнтры толькі ў трох гарадах – уласна ў Магілёве, Мінску і Гомелі. Раней для жыхароў нашага рэгіёна была магчымасць лавіць месца для падачы на візу таксама ў Горадні і Лідзе. Цяпер жа ў гэтыя два візавыя цэнтры могуць звяртацца толькі людзі, прапісаныя на Гарадзеншчыне – паведамляе сайт vfs.global.com. Падобнае абмежаванне раней распаўсюджвалася толькі на Берасцейшчыну – падавацца ў візавыя цэнтры ў Брэсце і Баранавічах могуць толькі грамадзяне, якія пражываюць у гэтай вобласці.

Таксама ў 2024 годзе новы польскі ўрад Дональда Туска заўважна скараціў агульную колькасць візаў, выдадзеных беларусам. Як адзначае reform.news, у гэтым годзе ў перыяд з 1 студзеня да 14 чэрвеня было выдадзена 98 тыс. працоўных віз супраць 284 тыс. у мінулым годзе. У асноўным атрымальнікамі такіх віз былі грамадзяне Беларусі (32 тыс.), Украіны (47 тыс.) і Грузіі (3 659 віз). Акрамя таго, была абмежавана выдача гуманітарных віз, якія ў 2020–2023 гадах у асноўным атрымлівалі беларусы. У мінулым годзе было выдадзена 4 539 такіх віз, прычым не толькі беларусам, але і грамадзянам іншых краін. У гэтым годзе пакуль выдалі толькі 542 гуманітарныя польскія візы.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц