Жыхарку Магілёва заблакавала ў паламаным ліфце, а калі яны выходзіла, то спатыкнулася і паламала руку. Юрысты “Магілёўліфта” не пабачылі віны прадпрыемства ў здарэнні, але суд прыняў бок пацярпелай.
У чэрвені мінулага года жыхарка Магілёва, імя якой не паведамляецца, аказалася заблакаванай у кабіне няспраўнага ліфта. Калі яе вызваліла аварыйная служба, выходзячы, жанчына спатыкнулася і, падаючы, зламала руку. Прычынай здарэння стала тое, што кабіна знаходзілася нераўнамерна з узроўнем падлогі.
Пасля лячэння, жыхарка Магілёва падала ў суд на прадпрыемства “Магілёўліфт”, аварыйная служба якога вызваляла яе з кабіны. У судзе жанчына ўказала, што для лячэння ёй прыйшлося набываць дарагія прэпараты, акрамя таго, ёй пастаянна патрабавалася дапамога іншых людзей. Яна запрасіла 5 000 беларускіх рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Прадстаўнікі прадпрыемства “Магілёўліфт” на судзе адмовіліся прызнаваць віну аварыйнай брыгады.
Суд вырашыў, што прадпрыемства ўсё ж нясе адказнасць за траўмы жанчыны і пастанавіў выплаціць ёй 1000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды і 480 рублёў кампенсацыі выдаткаў па аказанні юрыдычнай дапамогі. Акрамя таго, прадпрыемства павінна выплаціць у даход дзяржавы дзяржаўную пошліну ў памеры 111 рублёў. Апеляцыю, пададзеную прадпрыемствам, суд таксама не задаволіў – гаворыцца ў паведамленні Магілёўскага абласнога суда.
Фота ілюстрацыйнае