Пракуратура горада Магілёва накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да медыцынскай сястры адной з устаноў аховы здароўя горада. Ёй інкрымінаваны крадзеж асабліва небяспечных наркатычных сродкаў без мэты збыту.
Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаная стварала лішкі медпрэпарата «Марфін гідрахларыд». Затым яна адлюстравала выкарыстанне гэтага прэпарата ў медыцынскай дакументацыі, але не ўводзіла яго пацыентам, замяніўшы на кафеін-бензаат натрыю. Звычайна марфін коляць хворым на анкалогію з моцнымі болямі.
Усяго абвінавачаная выкрала шляхам прысваення не менш як 50 ампул, якія ўтрымлівалі ў сваім складзе асабліва небяспечны наркатычны сродак, дазволены да кантраляванага абароту – марфін.
Акрамя таго, медыцынская сястра захоўвала пры сабе таблетку з небяспечным псіхатропным рэчывам – трамадолам.
Падчас папярэдняга следства жанчына не патлумачыла прычыны свайго ўчынку, ад дачы паказанняў адмовілася.
Фота: Генеральная пракуратура