пьяное ДТП

Вынеслі прысуд жанчыне, што зладзіла п’яную аварыю з трыма ахвярамі пад Магілёвам

Недалёка ад Магілёва, на павароце каля санаторыя “Сосны” вечарам 13 ліпеня адбылася жахлівая аварыя. Аўтамабіль Volkswagen на шалёнай хуткасці здзяйсняў абгон неўзіраючы на сустрэчныя машыны, потым згубіў кіраванне і сутыкнуўся з аўтамабілем Audi. На апошніх кадрах відэа гэтай аварыі можна заўвжыць, што ад удару Volkswagen разарвала на часткі – па ўзбочыне коціцца задні мост і багажнік.

У выніку аварыі загінулі тры чалавекі – муж і 5-гадовы сын жанчыны, што знаходзілася за стырном, а таксама 18-гадовы пасажыр сустрэчнай машыны. Хіміка-таксікалагічная экспертыза паказала наяўнасць у жанчыны ў крыві больш за 2 праміле алкаголю. Аднак, на судовым паседжанні яна віну ў здзяйсненні злачынства не прызнала і адмаўляла факт таго, што была п’яная паведамілі ў прэс-службе суда.

Суд прызнаў жыхарку абласнога цэнтра вінаватай па ч. 5 ст. 317 КК (Парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб) і прыгаварыў да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на 8 гадоў.

Таксама суд пастанавіў спагнаць з уладальніцы транспартнага сродку на карысць пацярпелых у лік матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды грашовыя сродкі на агульную суму 50 000 рублёў.

Фота: Судовыя экспертызы