Расійскае рэгіянальнае выданне “Свабодныя навіны” з горада Саратава надрукавала поўны тэкст рашэння Вярхоўнага суда пра прызнанне “Міжнароднага грамадскага руху ЛГБТ” экстрэмісцкім фарміраваннем. З тэкста вынікае, што прыкметамі гей-прапаганды з’яўляецца выкарыстанне фемінітываў – гэта словы жаночага роду, альтэрнатыўныя або парныя аналагічным паняццям мужчынскага роду.
На фатаграфіях рашэння Вярхоўнага суда, апублікаваных выданнем, сярод іншага, указваецца, якія прыкметы аб’ядноўваюць «удзельнікаў руху». У іх ліку, як вынікае з дакумента – ужыванне ў гаворцы фемінітываў. Згодна з рашэннем суда, удзельнікаў “руху ЛГБТ” аб’ядноўвае “наяўнасць пэўных нораваў, звычаяў і традыцый (гей-парады), падобны лад жыцця (у прыватнасці, асаблівасці выбару палавых партнёраў), агульныя інтарэсы і патрэбнасці”, а таксама – спецыфічная мова: ” Выкарыстанне патэнцыйных слоў-фемінітываў, такіх як кіраўніца, дырэктарка, аўтарка, псіхалагіня», гаворыцца на 5 і 6 старонках апублікаванага дакумента.
Мінюст Расійскай Федэрацыі звярнуўся ў Вярхоўны суд з пазовам аб прызнанні ЛГБТ-руху экстрэмісцкім 17 лістапада 2023 года. Ведамства сцвярджала, што ў дзейнасці руху выяўлены “розныя прыкметы і праявы экстрэмісцкай накіраванасці, у тым ліку ўзбуджэнне сацыяльнай і рэлігійнай варожасці”. Рашэнне суда было прынята 30 лістапада ў закрытым рэжыме “з-за наяўнасці ў справе сакрэтных матэрыялаў”.