Цяпер іх будуць мыць, брыць і адправяць на нацыянальны кастынг у Мінску. Фінал конкурса прыгажосці сярод кароў пройдзе 7 чэрвеня.
Дзве самыя прыгожыя каровы ў Магілёўскай вобласці былі знойдзены на агракамбінаце “Зара” Магілёўскага раёна. Цяпер яны будуць прадстаўляць Магілёўскую вобласць на выставе “Белагра” ў Мінску, дзе пройдзе фінал конкурса прыгажосці сярод беларускіх кароў – паведамляе тэлеканал СТВ.
Магілёўскіх прыгажунь назвалі “Венера” і “Афрадыта”. Выбар каровы на конкурс – задача складаная, расказалі тэлеканалу ў агракамбінаце “Зара”. Каб выбраць лепшых, спецыялісты прадпрыемства толькі на адной гаспадарцы правялі кастынг сярод шасці сотняў кароў. Адбор быў жорсткі – то ногі кароткія, то вымя не той формы.
– Пярэднія смочкі прыгожыя, а заднія не. – каментаваў працэдуру выбару спецыяліст прадпрыемства – Заднія збліжаныя, не пойдзе на выставу, давайце наступную.
У Мінску ацэньваць кароў будуць па 18 паказчыках. Больш за палова паказчыкаў – ад глыбіні грудной клеткі да формы вымя – так ці інакш ўплываюць на малочную прадуктыўнасць жывёлы.
Фота: СТВ