У межах рэспубліканскай акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» жыхары і госці рэгіёна могуць бясплатна наведаць музеі, аграсядзібы, прыняць удзел у квэстах і майстар-класах, а таксама адчуць смак беларускай кухні.
Што такое «Вандруй. Адчуй. Натхняйся»?
Гэта штогадовая ініцыятыва Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага агенцтва па турызме, якая праходзіць у Беларусі з 2022 года. Мэта — папулярызацыя ўнутранага турызму і знаёмства з турыстычнымі магчымасцямі краіны. Колькасць удзельнікаў расце штогод: калі ў 2022 годзе было 516 аб’ектаў, то ў 2023 — ужо 924, а ў 2024 годзе — больш за 1200. На Магілёўшчыне год таму ў акцыі бралі ўдзел 130 аб’ектаў турыстычнай сферы, пісалі mogilev.media, сёлета – 190.
Праўда, збольшага, гэта ўдзел чыста фармальны – пераважная большасць арганізацый пазначылі свой удзел вельмі проста: “наведванне аб’екта, азнаямленне з паслугамі”.
Магілёўшчына: што чакае турыстаў?
Тым не менш, з 2 па 8 чэрвеня 2025 года Магілёўская вобласць прапануе некаторую праграму:
- Бясплатныя экскурсіі ў музеях, мастацкіх галерэях і гістарычных аб’ектах.
- Квэсты і майстар-класы для дзяцей і дарослых у культурных установах і аграсядзібах.
- Дні адкрытых дзвярэй ў санаторыях, аграсядзібах, турыстычных комплексах і нават на прамысловых прадпрыемствах.
- Дэгустацыі страв беларускай кухні ў мясцовых кавярнях і рэстаранах.
- Экалагічныя сцежкі і прагулкі па заказніках для аматараў прыроды.
Удзел у акцыі прымаюць розныя аб’екты: ад аграсядзіб і санаторыяў да музеяў і вытворчых прадпрыемстваў. Дакладны пералік усіх удзельнікаў і іх прапановы можна знайсці тут.
Фота: mogilev.media