Вайна ва Ўкраіне. Крывы Рог цягам дня двойчы зазнаў абстрэл

Ракеты пацэлілі ў адно з мясцовых прадпрыемстваў, а таксама ў гідратэхнічныя збудаванні гораду. Пра пацярпелых звестак няма.

15 верасня паветраную трывогу абвясцілі ў Крывым Рогу па 13 гадзіне. Начальнік ваеннай адміністрацыі гораду Аляксандр Вілкул паведаміў, як небяспека мінула, што атакаванае было прамысловае прадпрыемства.

«Разбурэнні сур’ёзныя, падрабязныя наступствы ўдакладняюцца. Папярэдне – без ахвяр«, – адзначыў ён у тэлеграм-канале.

focus.ua

Другі раз горад быў атакаваны пасля 17 гадзіны. Аляксандр Вілкул заклікаў гараджан заставацца ў бамбасховішчах і не выкладаць у сацыяльныя сеткі здымкі.

Паводле Вілкула, у раён гідратэхнічнай запруды паляцелі дзве ракеты.

Па гідратэхнічных збудаваннях расійскія войскі стралялі 14 верасня. Па словах кіраўніка Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Валянціна Разнічэнкі, яны атрымалі сурʼёзныя пашкоджанні. Таксама, ракеты пацэлілі ў абʼекты крытычнай і транспартнай інфраструктуры гораду.

Для абстрэлу расійскія войскі выкарысталі самалёты стратэгічнай авіяцыі, якія атакавалі горад сям’ю крылатымі ракетамі Х-22.

ua-informator

Ракеты пашкодзілі дамбу Карачуноўскага вадасховішча. У выніку, у рацэ Інгулец рэзка павысіўся ўзровень вады.

15 верасня стала вядома, што падтопленымі аказаліся 116 прыватных жылых дамоў і прысядзібных участкаў. Былі эвакуяваныя жыхары двух раёнах з-за пагрозы падтапленняў у сувязі з узняццем узроўню вады, пісала «УНІАН».

Дамбу ўдалося адрамантаваць. Пасля чаго, абʼём уцечкі вады зменшыўся і яе ўзровень пачаў падаць.