Упершыню амерыканскі “залацісты баравік” быў зафіксаваны па-за межамі Амерыкі ў сумежнай з Беларуссю Літве ў 2011 годзе. А ўжо праз некалькі гадоў эколагі забілі трывогу. Гэты інвазіўны від можа выцесніць з лясоў мясцовы грыб-баравік.
Boletus projectellus упершыню быў апісаны амерыканскім міколагам Уільямам Альфонса Мурылам у 1938 годзе. У Паўночнай Амерыцы яго арэал уключае ўсход Канады (Нью-Брансўік) на поўдзень да Паўночнай Караліны і на захад да Мічыгана. У 2011 годзе ўпершыню было зарэгістравана паяўленне “залацістага баравіка ў Еўропе – у Літве на Куршскай касе. У 2013 годзе пра яго таксама паведамлялі ў Латвіі, дзе ён быў абвешчаны «грыбком 2014 года». Пазней паступілі паведамленні, што амерыканскія грыбы з’яўляюцца ў Польшчы, Нарвегіі, Даніі Эстоніі.
Чытачы Магілёў.media паведамляюць, што незвычайныя высокія і танклявыя баравікі сустракаюцца ўжо і ў нашых лясах. Эколагі ўстрывожаныя падобным імклівым распаўсюджваннем амерыканскага баравіка. Калі стане вядома, што грыб пагражае іншым пародам, змагацца з ім будзе практычна немагчыма, піша Delfi.lv: яго міцэлій злучаецца з каранямі дрэў, і каб пазбавіцца ад грыба, давядзецца знішчаць усе дрэвы.
Залацісты баравік, як і яго традыцыйныя субраты – мікарэзны грыб. Яго грыбніца ўтварае сімбіёз з каранямі вышэйшых травяністых і драўняных раслін – мікарызу. Грыб “дае” расліне ваду і мінеральныя рэчывы, а ад расліны атрымлівае вуглярод. Спецыялісты па вывучэнні грыбоў, міколагі, падазраюць, што залацісты баравік больш “прыязны” для дрэў і можа “каланізаваць” расліны першым, пазбаўляючы еўрапейскія грыбы шанцу на выжыванне.
Міколаг Дыяна Мэіеры з Музея прыроды Латвіі кажа, што пакуль што рана рабіць высновы, як залацісты баравік паўплывае на мясцовыя віды, таму што даследаванняў пакуль не было. Паводле яе слоў, гэты грыб можа канкурыраваць з жоўта-бурымі маслятамі і хваёвымі белымі грыбамі, але наколькі моцна, пакуль незразумела.