30-гадовую Лідзію Гарохаву, якая займалася касплэем і працавала ў Менску, асудзілі за нібыта «заклікі да прычынення шкоды Рэспубліцы Беларусь».
Лідзія родам з Магілёва, вучылася ў ліцэі №1 на філалагічным профілі скончыла яго ў 2011 годзе. Пра гэта паведамляе “Наша ніва”.
Потым дзяўчына пераехала ў Мінск, дзе ў ў Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі) атрымала спецыяльнасці тэхніка паштовай сувязі і маркетолага-эканаміста. Пасля яшчэ завочна адвучылася на эканаміста. Працавала менеджарам па продажах, у вольны час захаплялася касплэем, малявала і актыўна вяла сацсеткі, дзе публікавала свае вобразы і творы.
Прысуд быў вынесены ў траўні 2025 года, а 30 траўня імя Лідзіі Гарохавай уключылі ў афіцыйны спіс так званых «экстрэмістаў». Змест абвінавачванняў не раскрываецца, бо суд праходзіў без публічнасці. Па інкрымінаваным артыкуле (ч. 3 ст. 361 КК РБ) жанчыне пагражала ад 4 да 12 гадоў зняволення. Дакладны тэрмін не агалошваецца, але вядома, што яна ўжо знаходзіцца ў калоніі.
На гэты момант імя жанчыны адсутнічае ў спісе палітзняволеных.
Фота: “Наша Ніва”