У гэтай афрыканскай краіне вялізная інфляцыя. Гадавы яе памер сягае 192 працэнтаў. Улады наважыліся ўвесьці ў абарачэнне залатыя манеты.
Паводле рэсурсу Myfin, Цэнтрабанк краіны пачне прадаваць манеты з 25 ліпеня. Кожная будзе ўтрымліваць унцыю золата (31,1 грама).
Манеты стануць сродкам ашчаджання, то бок ліквідным актывам, які захоўваецца працяглы час без страты сваёй пакупной здольнасці да наступнага абмену на тавары, паслугі або іншыя актывы.
Паўднёваафрыканскай краінай Зімбабвэ 30 гадоў кіраваў Роберт Мугабэ, які здабыў сабе рэпутацыю дыктатара.
У 1980 годзе, калі краіна стала незалежнай, ён стаў прэм’ер-міністрам, а потым і прэзыдэнтам. Мугабэ абяцаў дэмакратыю і прымірэнне, а яго праўленне абярнулася вялізнай карупцыяй і эканамічнай катастрофай.
У лістападзе 2017 года ў выніку вайсковага перавароту Мугабэ адхілілі ад улады і арыштавалі. Пад ціскам войска ён быў змушаны падаць у адстаўку.
фота: plusworld.ru