У прыфрантавой Мікалаеўскай вобласці прагназуюць сабраць удвая меншы ўраджай, чым летась. У Літве за чэрвень гадавы рост кошту харчоў сягне 30%. У Латвію з 24 лютага ўехала амаль 24 тысячы грамадзян Расіі


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў.media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


7 шматпавярховых дамоў пашкоджана ракетным абстрэлам Мікалаева 5 ліпеня.

У многіх выбуховай хваляй і абломкамі выбіта больш за 200 вокнаў, у пад’ездах пашкоджаныя ўваходныя дзверы, у  кватэрах людзям давялося зрываць замкі, каб выбрацца з дому, адзначае выданне LB.ua.

21 чалавек пацярпеў 4 ліпеня ў выніку абстрэлу расійскімі войскамі Мікалаеўскай вобласці. 

Сярод іх няма дзяцей, піша выданне «Гордон».

gordonua.com


4 ліпеня ракетным абстрэлам разбураны Палац культуры. 

Абышлося без ахвяраў.

Палац культуры ў Карабельным мікрараёне гораду ўзвялі больш за паўсотню гадоў таму, паведамляе «Миколаївська правда».

static2.gazeta.ua

У Мікалаеўскай вобласці прагназуюць сабраць удвая меншы ўраджай зерневых, чым летась.

У мінулых годзе ў рэгіёне сабралі 3,9 мільёна тон збожжа, сёлета чакаецца больш за два мільёны.

«Асноўная прычына – неспрыяльныя для азімых умовы надворʼя. Збіраем ураджай нават там, дзе лётаюць снарады» – каментуе сітуацыю кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім.

Па яго словах, «галоўная праблема для фермераў – нізкая цана і рызыкі знішчэння вырашчанага», піша «Корабелов.инфо».

«Буйныя кампаніі не жадаюць тут працаваць і несці страты, – тлумачыць урадовец. – Гэта значыць, няма каму плаціць фермерам і няма куды вывозіць. Ураджай людзі збяруць, а што далей?»

5 ліпеня падчас абстрэлу Мікалаеўскай вобласці выгарэла 4,9 гектараў поля з ячменем, паведаміла выданне «Ноколаевские новости».


Улацлавек, Польшча

Дамова аб сяброўскіх адносінах падпісаная з Магілёвам 8 снежня 1995 года. Горад у Куяўска-Паморскім ваяводстве (цэнтральная Польшча). Насельніцтва – 115 тысяч чалавек.


У Куяўска-Паморскім ваяводстве на прафілактыку алкагалізму і наркаманіі, а таксама рэалізацыю праектаў падтрымкі семʼяў залежных сёлета пойдзе 680 тысяч злотых (150 962 долараў).

Сродкі з бюджэту ваяводства будуць размеркаваныя на конкурснай аснове між няўрадавымі арганізацыямі.

У рамках конкурсу «Развязанне праблемаў, звязаных з алкаголем у Куяўска-Паморскім ваяводстве», фінансаванне выдзялялася на правядзенне розных відаў прафілактычных праграмаў, адукацыйных кампаній, лячэбных заняткаў і адкрыццё спецыялізаваных клінік.

На сайце гарадской управы Улацлавека напісана, што сёлета на розныя мэты размеркавана 7 мільёнаў злотых у 20 конкурсах.


Каменскае, Украіна

Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным.


У Каменскім махляры ад імя мэра вымагаюць у прадпрымальнікаў дапамогу нібыта ўзброеным сілам Украіны.

dndz.tv

Кіраўнік гораду Андрэй Белавусаў просіць бізнесоўцаў паведамяць пра махляроў у праваахоўныя органы. Ён заклікае прадпрымальнікаў быць асцярожнымі, бо ў Каменскім дзейнічаюць злачынцы, піша выданне «Информатор».

«У выпадку неабходнасці аказання дапамогі – даводзіць Белавусаў – я асабіста сустракаюся з кіраўнікамі прадпрыемстваў. Будзьце пільныя! Чакаем ад праваахоўных органаў аператыўнага расследавання і спынення злачынных дзеянняў».

У парку Каменскага паставілі тапіярную фігуру быка.

gorod.dp.ua

Арт-абʼект «Бык» падарыла гораду студыя «ОМИ». Аб’ёмная фігура з металакаркасу, пакрытая штучным газонам, падобная на скульптуру быка, які «ахоўвае» выезд з Дняпра ў Каменскае. Той скульптуры больш за сорак гадоў, піша рэсурс Gorod.dp.ua.


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


У Літве за чэрвень гадавы рост кошту прадуктаў харчавання сягне 30%. На столькі ж павялічыцца і кошт кошыка самых танных прадуктаў.

Паводле дадзеных «Еўрастата», у еўразоне гадавы рост на прадукты і безалкагольныя напоі склаў 8,9 працэнтаў. У параўнанні з маем прадукты падаражэлі на 1,1 працэнт.

Эксперт выдання Delfi, прадстаўнік парталу Pricer.lt Пятрас Чапкаўскас кажа, што літоўцы могуць толькі марыць аб такіх паказчыках. Паводле яго гадавога росту ў 30 працэнтаў у Літве даўно не было.

Паводле дадзеных нацыянальнага Дэпартаменту статыстыкі, у студзені гадавы рост коштаў на прадукты і безалкагольныя напоі склаў 11, 8%, у лютым – 14, 7%, а ў сакавіку 17, 1%, у красавіку гэты паказчык перавысіў 20% і склаў 21, 7%, а ў траўні – 24, 8%.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


Па ўварванні Расіі ва Украіну ў Латвіі не назіраецца ўзмоцненага перасячэння расійскімі грамадзянамі сухапутных пагранічных пунктаў.

Паводле прэс-сакратар Дзяржаўнай пагранічнай аховы Крысціны Петэрсонэ з 24 лютага па 3 ліпеня ў Латвію ўехалі 23 923 грамадзяніны Расіі, а выехалі 26 446 грамадзян суседняй краіны.

press.lv

Пагранахова выконвае свае абавязкі на знешняй мяжы краіны ва ўзмоцненым рэжыме, у тым ліку ацэньвае рызыкі бяспекі і ажыццяўляе пагранічны кантроль усіх асоб, якія перасякаюць дзяржаўную граніцу, піша выданне Рress. 

Па словах Петэрсонэ, некаторым людзям было адмоўлена ва ўездзе ў Латвію з меркаванняў бяспекі.

галоўнае фота: niknews.mk.ua