У Мікалаеве загінула старшыня суполкі Беларусаў. У Латвіі распачата 13 крымінальных спраў за падтрымку расейскай агрэсіі. Немцы дапамагаюць венграм ратаваць украінцаў


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

(Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой»).


Старшыня культурнага таварыства беларусаў «Голас Радзiмы» Тацяна Дзяменьнікава загінула падчас ракетнага абстрэлу расейцамі Мікалеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Яе цела адшуканае пад заваламі будынку і апазнана родзічамі.

Тацяна Дзяменьнікава працавала ў эканамічным дэпартаменце абласной адміністрацыі. Яе шукалі ад 31 сакавіка.

Адна з ракетаў, выпушчаная, як паведамляецца расейцамі, трапіла ў будынак абласной адміністрацыі 29 сакавіка. Яго цэнтральная частка абрынулася з 1 па 9 паверх. Ратавальнікі дагэтуль разбіраць завалы. Намеснік начальніка Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Ігар Кузьмін кажа, што на 3 красавіка з-пад руінаў дасталі 36 загінулых і 34 траўмаваных.

3 красавіка расейцы абстралялі ракетамі Мікалаеў і Ачакаў. Паводле кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма ў Мікалаеве 14 пацярпелых даставілі ў больніцу, 11 з іх шпіталізаваныя. 15-гадовы падлетак чакае аперацыю. Адзін пацярпелы сканаў.

Паведамляецца, што ёсць загінулыя і параненыя ў Ачакаве.

Па ўварванні расейцаў ва Ўкраіну за межы Мікалеўскай вобласці эвакуяваныя 9840 чалавек. 85 паселішчаў у рэгіёне адключаныя ад электрычнасці. Часткова, ці цалкам разбурана 1750 будынкаў. Найбольш пацярпеў ад абстрэлаў жылы фонд рэгіёну, піша газета «Николаевские новости».

У Нікалаеве пілуюць старыя таполі для вайсковых патрэбаў. З прыдатнага ствальля салдаты ўзводзяць на фронце ўмацаванні. Некаторыя дрэвы выкарыстоўваць для ацяплення шпіталяў і іншых устаноў. Перапрацоўваецца драўніна таксама на шчапу, якой пасыпаюць падлогу ў вальерах мясцовага заапарка. Камунальныя службы запэўніваюць, што пасля вайны замест спілаваных высадзяць маладыя дрэвы і адновяць фонд раслін гораду.


Даўгаўпілс, Латвія

(Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск).


Кампанія «LG Electronics» (LG) перадала бытавую тэхніку – лядоўні, пралкі, мікрахвалеўкі – для 500 украінскіх уцекачоў, якія знайшлі прытулак у Рызе, Даўгаўпілсе ды Вентспілсе. Размяркоўваць яе будуць няўрадавыя арганізацыя, якія дапамагаюць уладкоўваць украінцаў, напісана на афіцыйным сайце гарадскога самакіравання Даўгаўпілсу.

На ім адзначана, што кампанія «заклапочана здароўем, бяспекай людзей, якіх закрануў канфлікт і пацвярджае рашучасць падтрымліваць жыхароў Украіны». LG ахвяравала ўкраінцам, якія вымушана з’ехалі з радзімы, бытавую тэхніку і аказала іншай дапамогі на мільён даляраў. Кампанія супрацоўнічае з недзяржаўнымі арганізацыямі не толькі Латвіі, але Літвы, Эстоніі, Польшчы ды шэрагу іншых краін.

Тым часам Даўгаўпілскі медычны каледж, які прытуліў у сваёй службовай гасцініцы 48 уцекачоў (у асноўным дзяцей з маці) атрымаў ад LG Electronics Latvia, лядоўню, па дзве мікрахвалеўкі і пралкі, інфармуе рэсурс «Наш горад».

У Латвію з першага красавіка перастаў паступаць газ з Расеі. Спыненне паставак, не паўплывае на газазабесьпячэньне латвійскіх спажыўцоў, а таксама спажыўцоў з краінаў Балтыі, піша «Наш горад». Газ ім будзе і надалей паступаць з Інчукалнскага сховішча, якое запоўнена на 34 працэнты.

Расея патрабуе, каб краін, якія вызначаныя не сяброўскімі, плацілі за газ расейскімі рублямі. Кампанія Latvijas gāze, якая купляе яго ў расейскага канцэрна «Газпром», заявіла, што не бачыць неабходнасці выконваць патрабаванне расейскага боку.

Латвійскі аператар сховішчаў прыроднага газу паведаміў, што краіны Балтыі больш не імпартуюць расейскі газ. 3 красавіка Літва стала першай краінай Еўрапейскага звязу, якая цалкам адмовілася ад імпарту расейскага газу. Цяпер Латвія, Літва і Эстонія выкарыстоўваюць сыравіну з запасаў, якія захоўваюцца ў латвійскім падземных сховішчы.

Зараз краіны Балтыі выкарыстоўваюць сыравіну з запасаў, якія захоўваюцца ў латвійскім падземным сховішчы.

Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі распачала 14 крымінальных спраў за выказванне падтрымкі агрэсіі Расеі супраць Ўкраіны і яе народу. Трое падазраваных арыштаваныя, піша «Наш горад».

У зняволенні прадстаўнік центра духоўнага развіцця і вылечвання «DVS Urantija», заснавальнік и адміністратар русскамоўнай тэматычнай групы «Криминальная Латвия», а таксама адзін з блогераў.


Айзенах, Германія

(Дамова аб пабрацімстве з Магілёвам падпісаная ў снежні 1996 году. Горад з насельніцтвам у 42 тысячы чалавек месціцца ў Цюрынгіі (адной з самых эканамічна развітых федэральных земляў на ўсходзе краіны). Дабрачынныя арганізацыі гораду дапамагалі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларусам. Арганізоўвалі аздараўляльныя паездкі для дзяцей, якія жылі на забруджаных радыяцыяй раёнах Магілёўшчыны).


Айзенах дапамагае гораду-пабраціму з Венгрыі Сараспатаку справіцца з хваляй уцекачоў з Украіны. З дабрачыннага рахунку, адкрытага неўзабаве пасля ўварвання расейскіх войск, венгерскаму пабраціму пералічана больш за 36 тысяч еўра, паведамляе афіцыйны гарадскі сайт Айзенаха.

1 красавіка ў Сараспатак з Айзенаху выправіўся гуманітарны канвой, наладаваны пасьцельнай бялізнай, бінтамі, сродкамі гігіены, сабраныя жыхарамі гораду.

Намеснік мэра Сараспатаку Атыла Сікора кажа, што самымі цяжкімі выдаліся першыя дні вайны. Да вялікай хвалі бежанцаў, прызнаецца ён, горад не быў гатовы. Цяпер праца з уцекачамі ўпарадкаваная. Пад увагай не толькі ўкраінцы, якія трапілі ў Венгрыю, але і тыя што туляцца яшчэ на памежжы.

Мэр Янаш Арос у першыя дні вайны распачаў кампанію дапамогі 500 дзецям-сіротам з Украіны, якія дзякуючы ёй знайшлі прытулак у Германіі, Швейцарыі і Італіі.

Сараспатак дапамагае ўкраінскаму гораду Ўжгараду, які за сто кіламетраў ад яго. 100 тысячны Ўжгарад прыняў 80 тысяч уцекачоў суайчыннікаў. Многія выехалі ў Славакію, Венгрыю, але нямала людзей застаецца ў горадзе са спадзевам вярнуцца ў родныя мясціны па сканчэнні вайны.


Габрава, Балгарія

(Найдаўнейшы пабрацім Магілёва. Дамова аб супрацоўніцтве была падпісана ў 1988 годзе. У 200-ым былі адноўленыя пабрацімскія сувязі. У Магілёве праспект названы Габраўскім. Адзін з рэстаранаў называецца Габрава. Габрава месціцца ў цэнтры краіны. Насельніцтва-55 тысяч чалавек. Ён лічыцца балгарскай сталіцай гумару. Ёсць у ім Дом гумару і сатыры. Ладзяцца фестывалі гумару)


У Габрава пачаўся міжнародны фестываль монадрамы «Сольны акт». Свае работы на сцэне мясцовага драматычнага тэатру пакажуць 13 калектываў з Балгарыі, Украіны і Рэспублікі Косава, перадае Балгарскае нацыянальнае радыё.

Украіну на фестывалі прадставіць пастаноўка «Споведзь». Яе пакажуць у відэафармаце, а сабраныя сродкі накіруюць на дапамогу ўкраінскім ўцекачам, якія знаходзяцца ў Габраве.

Спектакль вяртае гледача ў біблейскія часы і закранае тэму хрысціянскіх каштоўнасцяў. Галоўны герой дзейства сумнавядомы персанаж Понцій Пілат.

У пастаноўцы галоўнага рэжысёра Херсонскага акадэмічнага тэатру Сяргея Паўлюка галоўную ролю выконвае актор з Мікалаева, гораду-пабраціму Магілёва, Андрэй Карай.

У сталіцы краіны Сафіі адбыўся дабрачынны канцэрт «Разам для Ўкраіны». Яго арганізавалі Балгарскае нацыянальная радыё і тэлебачанне ды нацыянальны тэатр. Ён прайшоў пад патранажам прэзідэнта краіны Румера Радзіва і быў пакліканы аб’яднаць намаганні грамадскасці дзеля падтрымкі ахвярах вайны ва Ўкраіне.

Больш за 62 тысячы ўкраінцаў, якіх вайна пагнала з радзімы, знайшлі прытулак у Балгарыі. Палова з іх атрымалі часовую рэгістрацыю ў краіне, паведамляе Балгарскае нацыянальнае радыё.

Усяго ж ад пачатку ўварвання расейскіх войск ва Ўкраіну ў Балгарыі пабывала 136 тысяч уцекачоў.


Каменскае, Украіна

(Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным).


У Каменскім супрацоўнікі паліцыі ўратавалі ад самасуду абураных гараджан 26-гадовага мужчыну, які выйшаў па цыгарэты ў майцы з савецкай сімволікай. Як перадае інтэрнэт-рэсурс «Событие» мясцовыя жыхары збіраліся правесці з земляком «выхаваўчую працу».

Паліцыя выказала падзяку грамадзянам за паведамленне аб падазроных асобах, але заклікала ўстрымлівацца ад распраў, устанаўлення «справядлівасці» і іншых метадаў уздзеяння.


Клайпеда, Літва

(8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца порт на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек).


У Клайпедзе  ўкраінцы далучыліся да імпрэзы ў гонар яўрэйскага дабрачынца Юліюса Людвікаса Вынерыса (Julius Liudvikas Vyneris ). Ён нарадзіўся 1 красавіка 1795 году, а памёр 24 лютага 1869 годзе. Праз 153 гады ў дзень яго смерці Расея ўварвалася ва Украіну.

Такое супадзенне, адзначае інтэрнэт-рэсурс Atvira Klaipėda, надало мерапрыемству, якое штогод ладзіць Фонд імя Вынерыса сумесна з Музеем гісторыі Малой Літвы, новы сэнс. У гарадскім парку, дзе адзначалі дзень народзінаў знанага жыхара Клайпеды, праходзіла і акцыя салідарнасці з народам Украіны, які, як піша выданне, змагаецца за сваю свабоду. На ёй гаварылі пра каштоўнасці адкрытай Еўропы.

У імпрэзе ўзялі ўдзел украінскія студэнты мясцовага ўніверсітэту ды рупліўцы Ўкраінскага культурнага цэнтру «Радзіма». Пасьля яе афіцыйнай часткі яны частавалі ўдзельнікаў гарбатай і баршчом.

Юліюс Людвікас Вынерыс фінансаваў праекты, які паляпшалі інфраструктуру гораду. Па смерці пакінуў яму 300 000 талераў (у цяперашні час 0,5 мільёна еўра).

фота: suspilne.media