У Мікалаеве дэмантавалі помнік Пушкіну. У Літве на «тутэйшай мове», блізкай да беларускай гавораць да 40 тысяч чалавек. У Даўгаўпілсе пачаліся Дні беларускай культуры (фота)


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна


Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


Ад пачатку поўнамаштабнай вайны ў Мікалаеве загінулі 97 чалавек, сярод іх адно дзіця. Вядома аб 436 параненых, паведаміў мэр Аляксандр Сянкевіч. Ягонае інтэрв’ю інфармагенцтву «Суспільне Новини» падае інфармацыйны рэсурс «Корабелов.Инфо»

Паводле кіраўніка гораду баявыя дзеяньня адбываюцца за 20 кіламетраў ад абласнога цэнтру.

«Але мы рыхтуемся да любых сцэнарыяў і працягваем займацца трыма лініямі абароны. Рыхтуем, капаем траншэі, ставім блокі», кажа ён.

Па ягоных словах штодня горад атакуюць расіяне ў асноўнымі касетнымі снарадамі.

Аляксандр Сянкевіч упэўнены, што «галоўная ідэя расіянаў – забіваць людзей». Ён засцярог тых хто выехаў вяртацца, бо бамбаванні працягваюцца. Горад пакінула, лічыць мэр Мікалаева, палова ягоных жыхароў.

У прамінулыя выхадныя на Мікалаеўшчыне ад абстрэлаў расійскімі вайскоўцамі параненыя дзевяць жыхароў. Яны дастаўленыя ў медычныя ўстановы, піша інтэрнэт-выданне «Гордон, спасылаючыся на паведамленне абласной рады.

Паводле яе ў лякарнях перабывае 151 грамадзянін пацярпелы ад атак расіянаў.

У Мікалаеве дэмантавалі помнік расійскаму пісьменніку Аляксандру Пушкіну. Застаўся толькі пастамент, піша ўкраінскі часопіс аб культуры, грамадстве і навуцы «Маяк».

 

Па словах упаўнаважанага абароны дзяржаўнай мовы Тараса Крэміня, помнік трэба перанесці ў краязнаўчы музей пасля вайны.


 

Клайпеда, Літва


8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


Партал DELFI піша пра «простую» мову жыхароў літоўска-польска-беларускага памежжа, якія называюць сябе «тутэшымі». Выданне падае меркаванні экспертаў і жыхароў краю.

Доктар філалагічных навук Аляксандр Адамковіч гадоў ездзіць па вёсках памежжа і вывучае мясцовую мову. Паводле яго тутэйшая гаворка – дыялект беларускай мовы. У ёй паланізмаў, русізмаў няшмат.

«Менавіта гэты дыялект лёг у аснову сучаснай літаратурнай беларускай мовы», – кажа ён, падкрэсліваючы, што ў многіх выпадках людзі пачынаюць размаўляць на «тутэйшым», а потым пераходзяць на мясцовую польскую.

Выданне заўважае, што мясцовыя жыхары гавораць па-тутэйшаму толькі са сваімі, а маладое пакаленне адыходзіць ад «простай мовы»,

Прафесар Віленскага ўніверсітэту, паланіст Крысціна Руткоўска, якая вывучае ў Літве мясцовыя дыялекты, кажа, што ў «тутэйшай мове» сустракаюцца польскія і літоўскія словы. У нацыянальнай пярэстасці навукоўца любаты не бачыць. На яе думку, мясцовым жыхарам час вызначыцца і з мовай, і з нацыянальнасцю.

«Мы можам казаць пра палякаў Літвы, можам казаць пра рускіх Літвы, можам казаць пра беларусаў Літвы, і гэта будзе канкрэтна, – тлумачыць яна. – Калі б мне нехта сказаў: ну вось ты тутэйшая. А я хачу быць вельмі канкрэтным чалавекам з вельмі канкрэтнай нацыянальнай самасвядомасцю».

DELFI падсумоўвае свой рэпартаж адзначаючы, што на «тутэйшай» мове ў Літве гавораць ад 10 да 40 тысяч чалавек.

 

Двух грамадзянаў Беларусі абвінавачваюць у незаконным захоўванні акцызных тавараў. Іх затрымалі падчас пераносу ў аўтамабіль цыгарэтаў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Baltnews.

Цяпер яны чакаюць суду. Ім выстаўленае абвінавачванне ў спробе перавозкі васьмі тысяч пачак цыгарэт, якія абкладаюцца акцызам і не абклееныя маркамі. Падсудным пагражае штраф, або пазбаўленне волі да васьмі гадоў, 

Выданне, спасылаючыся на Службу аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, адзначае: колькасць кантрабандных цыгарэт, выяўленых памежнікамі Літвы, у першым квартале года павялічылася ў чатыры разы. Гэта абумоўлена найперш розніцай у кошце тытунёвых вырабаў – у Літве раздробны кошт пачкі цыгарэт складае чатыры еўра, у Беларусі аналагічныя цыгарэты каштуюць 0,80 еўра.


 

Даўгаўпілс, Латвія


Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


У Даўгаўпілсе праходзяць Дні беларускай культуры. Імпрэзы арганізуюцца мясцовым Цэнтрам беларускай культуры. Адкрыццё адбылося 21 мая Фотавыставай «Беларусь: выдатныя імгненні», якую прадставіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

«Гэтая дата ў календары Арганізацыі абʼяднаных нацый адзначана як Сусветны дзень культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця. У гэты дзень гавораць не толькі аб багацці культур свету, але і звяртаюць увагу на важнасць міжкультурнага дыялогу. Я перакананая – толькі бесперапынны міжкультурны дыялог у наш вельмі няпросты час садзейнічае цывілізаванаму шляху развіцця, стабільнасці, узаемапавазе і ўзаемаразуменню. Трэба будаваць масты», – падае словы кіраўніцы Цэнтру Жанны Раманоўскай аб’яднаный партал Латвійскага радыё і Латвійскага тэлебачання LSM.lv

Фотавыстава «Беларусь: выдатныя імгненні» будзе гасцяваць у Цэнтры беларускай культуры цэлае лета. Затым адправіцца ў Ліепаю. У межах Дзён беларускай культуры адбудуцца літаратурныя вечары, канцэрты і іншыя імпрэзы.


Каменскае, Украіна


Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным.


67-гадовы камянчанін Васіль Карповіч у пятым раз стаў чэмпіёнам Еўропы. Чэмпіянат Еўропы па паўмарафону сярод лёгкаатлетаў-ветэранаў праходзіў у італьянскім Грасета, піша інтэрнэт-выданне «Событие», спасылаючыся на паведамленне, размешчанае на старонцы лёгкаатлетычнай супольнасці Каменскага.

 

Разам з Віктарам Недыбалюком з Белай Царквы і Аляксандрам Ваўком з Луганска, Васіль Карповіч заняў першае месца ў камандным заліку на паўмарафонскай дыстанцыі. Таксама ў актыве камянчаніна ёсць срэбраная ўзнагарода.

Цяпер Васіль Карповіч рыхтуецца да ўдзелу ў чэмпіянаце свету, які адбудзецца ў ліпені ў фінскім Тампэрэ.