За 2 000 рублёў ганарара і дзесяць дзён каворкінга блогерам прыйдзецца год батрачыць на рэкламе магілёўскіх прадпрыемстваў.
22 снежня ў Магілёве стартаваў маштабны праект “Фабрыка блогераў”. Мерапрыемства актыўна рэкламуецца дзяржаўнымі рэсурсамі кшталту тэлеграм-канала гарвыканкама “Магілёў – мой горад!”. У сваіх матэрыялах гэты канал абвяшчае, што Магілёў такім чынам становіцца “сталіцай блогерскага руху краіны”, а прадзюсар Аляксандр Лаўрыновіч бярэ планку вышэй, называючы горад сталіцай блогераў усіх краін СНД. Цікава, што прадзюсар апрануты пры гэтым у швэдар з чырвона-зялёным сцягам на руцэ, як звычайна носяць сілавікі, прадстаўляецца Аляксандрам Аляксандравічам і ўжо на першых словах свайго выступлення перад блогерамі падкрэслена гаворыць: “значыць, задача у нас с вамі…”.
Што за задача пастаўлена перад групай блогераў, расказала “Наша ніва”. Па выніках кастынгу, што прайшоў у нашым горадзе 14 снежня, было адабрана дзесяць аўтараў кантэнту ў розных сацыяльных сетках, плюс пяць запасных. Гэтыя пяць апошніх чалавек былі неабходныя, калі хтосьці з асноўнага складу раптам адмовіцца ад далейшага ўдзелу. З кожным блогерам пры гэтым заключаецца кантракт, паводле якога маладыя людзі атрымаюць ганарар у 2 000 рублёў. Але пры гэтым яны павінны будуць на працягу цэлага года рэкламаваць прадукцыю магілёўскіх прадпрыемстваў, выклаўшы не менш за адпаведных 24 ролікі ў сваіх сетках. Агулам, атрымліваецца, трохі больш за 80 рублёў за ролік. І асобныя блогеры ўжо пачалі актыўна адпрацоўваць – паглядзіце, з якім тварам адна з іх каштуе мяса з магілёўскага мясакамбіната.
Блогеры правядуць дзесяць дзён каворкінга ў Магілёве, пасля чаго аднаму з іх атрымаецца ўзяць галоўны прыз шоў, 20 000 рублёў. Што будзе пры гэтым адбывацца на курсах для блогераў, мы можам здагадвацца – наўрадці абыдзецца без лекцыі “Прэзідэнцкая Рэспубліка” і прагляду дакументальнага фільма “Адзін за ўсіх”.
За ўсёй гэтай ініцыятывай, дарэчы, стаіць мінская прыватная ініцыятыва “Блогчэйн” пад кіраўніцтвам Таццяны Цімашэнка. Гэтая арганізацыя правяла ўжо сем сезонаў розных блогерскіх марафонаў.
Фота: “Магілёў – мой горад”.