Чытачы mogilev.media паведамляюць пра праблемы з пакупкай цэмента ў будаўнічых крамах абласнога цэнтра. Рэдакцыя пацвярджае – практычна ва ўсіх спецыялізаваных магазінах, якія ўдалося наведаць у цэнтры горада і на ўскрайках, цэменту ў продажы няма, што ў малых пакунках, што ў мяшках па 25 кілаграмаў. Няма яго і на запраўках – але ў першую чаргу таму, што тут яго продаж у зімні перыяд забаронены.
Спецыялісты тлумачаць дэфіцыт цэмента нізкімі вытворчымі магутнасцямі на беларускіх прадпрыемствах. У Беларусі працуе тры заводы па вырабе гэтай прадукцыі – у Крычаве, Касцюковічах і пасёлку Краснасельскі. Сумарна яны пастаўляюць каля 3 мільёнаў тон штогод, тады як народная гаспадарка ў Беларусі патрабуе ў сярэднім 2,5 – 3 тоны на год і яе попыт кожны год вырастае. Улічваючы, што значная частка цэмента ідзе таксама на экспарт, атрымліваецца недахоп на ўнутраным рынку.
“Магілёўскія ведамасці” пры гэтым пішуць пра рост вытворчасці на прадпрыемстве “Крычаўцэменташыфер” – “адгрузка прадукцыі вырасла на 4,1 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а запасы цэменту скараціліся больш як у 4 разы. На знешні рынак адгружана больш за 700 тыс. тон цэменту, што больш, чым за аналагічны леташні перыяд у 1,8 разоў.”
Але, як бачым, рост вытворчасці на адным прадпрыемстве на нязначныя 4,1% мала ўплывае на забяспечанасць унутранага рынка. Вось як тлумачаць спецыялісты перыядычны дэфіцыт цэмента ў краіне: “Праблема ў тым, што цэмент сёння – гэта адзін з галоўных экспартных тавараў Беларусі. За год за межы краіны вывозіцца прыкладна каля 1 млн тон цэменту. Вось вам і прычына дэфіцыту на ўнутраным рынку. Не памылюся, калі скажу, што сёлета, калі ў “Беларуськалія” ўзніклі праблемы са збытам угнаенняў, экспарт цэменту стане другім значэнню пасля нафты і нафтапрадуктаў крыніцай паступлення грошай у дзяржбюджэт.”
Фота: mogilev.media