“Падарожжа да сябе” – серыя здымкаў, зробленых падчас падарожжаў па Германіі, Ізраілі, Азербайджане, Грузіі, Францыі і Арменіі ў перыяд 2014–2022 гг. Выстава будзе працаваць у музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі з 6 кастрычніка па 6 лістапада.
Марына Бацюкова – прыхільніца дакументальнай і канцэптуальнай фатаграфіі. Асноўныя тэмы яе даследаванняў – паўсядзённасць, псіхалагічныя партрэты асобы, узаемаадносіны чалавека з навакольным асяроддзем.
Выстава “Падарожжа да сябе” прымеркавана да 30-годдзя творчай дзейнасці фотамастачкі, члена Беларускага саюза мастакоў, Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, удзельніцы і куратара шматлікіх выстаў і праектаў у Беларусі і за мяжой.
У экспазіцыі выставы – візуальны дзённік уражанняў ад асабістага знаёмства з краінамі, мастацкія вынаходкі і ўнікальныя вобразы. Нацыянальны і культурны каларыт краін прадстаўлены манахромнымі фотаздымкамі-гісторыямі, вельмі рэальнымі, дасканалымі, знятымі на плёнку і надрукаванымі ўручную ў класічнай тэхналогіі бромсярэбраных адбіткаў, чыстымі малюнкамі оптыкі.