У Клайпедзе пераназавуць вуліцу Магілёўскую. У Латвійскіх школах настаўнік не мусіць падтрымліваць расейскай агрэсіі супраць Украіны

Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.

Цяпер у Еўропе зноў вайна. Параднёныя гарады апынуліся па два бакі фронту. Як вайна, распачатая Расеяй супраць Украіны і падтрыманая рэжымам Лукашэнкі ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў-пабрацімаў. Ці захоўваюць яны партнёрскія ўзаемадачыненні. Пра гэта наша рубрыка «Гарады-пабрацімы: навіны, цытаты, прагнозы»


Клайпеда, Літва (8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек)


У Клайпедзе вуліцы Магілёўскай (Mogiliovo gatvė) шукаюць іншую назву. Камісія па ўшанаванні памяці знакамітых людзей, гістарычных датаў, падзеяў і надання назваў вуліц аднагалосна ўхваліла прапанову аб пераназваньні. Ініцыятары настойваюць, што цяперашняя назва «заўсёды была чужой мясцовай супольнасці» і «яе трэба мяняць на звязаную з гісторыяй Клайпедскага краю, літоўскай, ці прускай спадчынай», піша Інтэрнэт-рэсурс Atvira Klaipėda.

У праекце змены назвы згадваецца, што ён падрыхтаваны ў адказ на вайну, абвешчаную Расеяй Украіне, і ролю ў ёй Беларусі. Atvira Klaipėda падае словы ўпаўнаважанага мовазнаўцы Альбінасы Друктэйніса, які заўважае: «разарваная дамова аб супрацоўніцтве ўжо з’яўляецца істотным стымулам для змены назвы». У публікацыі не ўдакладняецца, пра якую дамову гаворыцца.

Між Магілёвам і Клайпедай існуе пагадненне аб пабрацімскіх сувязях. Магілёўскі гарвыканкам не паведамляў аб скасаванні супрацоўніцтва. На сайце гарвыканкаму Клайпеда пазначаная, як горад пабрацімы. Наша выданне звярнулася ў мэрыю Клайпеды з просьбай патлумачыць, ці застаюцца беларускі і літоўскі гарады параднёнымі.


Даўгаўпілс, Латвія (горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск)


У Даўгаўпілсе ля будынку самаўпраўлення не зʼявіўся на флагштоку ўкраінскі сцяг, што выклікала незадаволенасць у грамадстве. Адным з тых хто прапаноўваў з салідарнасці з горадам пабрацімам Даўгаўпілса Харкавым вывесіць сцяг быў віцэ-мэр Пэтэрыс Дзалбэ, але ініцыятыву адхілілі. На ягоную думку горад недастаткова робіць для дапамогі бежанцам з Украіны і ў яго няма інфармацыі, як ён тое можа зрабіць.

Цяпер ля будынку мэрыі вывешаныя тры сцягі: Латвіі, гораду і Еўрапейскага звязу. «І ніякага іншага сімвалу не павінна быць», настойвае мэр Андрэй Элксніньш.

«Даўгаўпілс больш засяроджаны на аказанні рэальнай дапамогі, чым сімвалічнасці дзеянняў», – цытуе яго канал LSM.lv.

«Харкаў – горад пабрацімы Даўгаўпілсу. Мы адпраўляем аўтобусы на мяжу, якія забіраюць дзяцей і вязуць сюды. Забяспечваем іх усім неабходным. Падтрымка гораду – гэта ўзважаная і слушная пазіцыя», – кажа мэр Даўгаўпілсу.

У латвійскіх школах нават на тэхнічных пасадах не могуць працаваць людзі, якія падтрымліваюць расейскую агрэсію ва Украіне. Не кажучы ўжо пра настаўнікаў, лічыць старшыня Латвійскага прафсаюзу педагогаў Інга Ванагі. У інтэрвʼю выданню «PRESS» яна заявіла, што «мы падтрымліваем выключэнне Расеі з міжнародных адукацыйных інстытуцыяў, сабралі 30 тысяч еўра дзеля дапамогі ўкраінцам, якія пацярпелі ад вайны.

«Гэтая краіна зараз змагаецца за права жыць, і мы павінны ёй дапамагаць усімі сіламі, – адзначае кіраўніца прафсаюзу педагогаў. – У тым ліку і адукоўваючы нашых дзяцей, засцерагаючы іх ад дэзынфармацыі. І гэта – задача педагогаў. Не караць за няправільнае меркаванне, а даваць якасную, правераную інфармацыю і вучыць думаць сваімі галовамі».

Нагодай для гутаркі з Інгай Ванагі стала незадаволенасць некаторых бацькоў апытаннем, якое праводзіла інспекцыя Міністэрства адукацыі 14-гадовых вучняў. Пытанні тычыліся вайны ва Украіне і адносінаў да гэтага бацькоў і настаўнікаў.

Як вынікае з публікацыі апытанне праводзілася пасля канфлікту ў адной са школаў, дзе вучыўся хлопец з Украіны. У гутарках з аднакласьнікамі ён бараніў сваю радзіму. Іншыя вучні трымаліся прарасейскай пазіцыі. У выніку ўцекачу давялося змяніць школу.

У Латвіі бракуе памочнікаў для настаўнікаў, якія б ведалі ўкраінскую мову. На занятках настаўнікам даводзіцца гаварыць з дзецьмі ўцекачамі па-расейску, бо яны не ведаюць латышкай.

Кіраўніца Латвійскага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Інга Ванага ў інтэрвію навіннаму каналу LSM.lv адзначыла, што настаўнікаў з веданнем украінскай мовы трэба болей, каб палепшыць эмацыйнае адчуванне ўкраінскіх дзяцей. На яе погляд трэба зрабіць усё магчымае, каб дзеці з Украіны інтэграваліся ў навучальныя ўстановы.

У Даўгаўпілсе 450 уцекачоў з Украіны. Больш за дзвесце з іх жывуць у службовых гасцініцах. Астатнія знайшлі прытулак у сем’ях родзічаў і сяброў. У самакіраваньня няма звестак, што ў адносінах да ўкраінцаў былі ўчыненыя правапарушэнні, ці выказвалася агрэсіўнае стаўленне да іх, піша выданне «Наша газета».


Мікалаеў, Украіна (Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой»)


Кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім просіць жыхароў меней пісаць у сацыяльных сетках пра абстаноўку ў рэгіёне. Паводле яго «вораг цяпер актыўна ўкараняецца ў інфармацыйную прастору. Мы на гэта рэагуем, а яны збіраюць інфармацыю аб нашай рэакцыі»

«Як гэта працуе: кідаюць, а потым глядзяць, як людзі абмяркоўваюць». Не, там нікога няма, гэта падман, я хаджу ў краму, там ваенныя. І бяруць адтуль інфармацыю», – падае словы Віталя Кіма інфармацыйны рэсурс Espresso.

Расейскія войскі нанеслі Мікалаеву шкоды на больш чым 110 мільёнаў грыўняў (больш за 3,5 мільёнаў даляраў, 6tv.by).

Мэр Аляксандр Сянкевіч адзначае, што ў выніку дзеянняў расейскіх вайскоўцаў пацярпелі ўстановы сацыяльнай абароны, аховы здароўя, адукацыі, жыллёвая сфера, піша выданне LB.ua.

Паводле падлікаў Кіеўскай школы эканомікі, за тыдзень прамыя страты эканомікі Украіны праз вайну выраслі на $12,2 млрд. Агульныя страты складаюць ужо 564-600 мільярдаў даляраў.

Гадаванцам Мікалаеўскага заапарку дапамагаюць выжыць заапаркі Еўропы. Неабыякавыя да лёсу жывёлаў людзі сабралі сабралі гуманітарную дапамогу, піша інфармацыйнае агенцтва Інше.ТB.

«Гэта канцэнтраваныя кармы для розных відаў жывёл, біядабаўкі, ветпрэпараты», – паведаміў дырэктар заапарку Ўладзімер Топчый.

Паводле яго падтрымалі заапарк калегі Зь Нямеччыны, Чэхіі, Польшчы, Галандыі, Эстоніі, Еўрапейскай асацыяцыі заапаркаў і акварыумаў.


Каменскае, Украіна (пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Паселішчы Днепрапятроўшчыны расейцы абстрэльваюць, але разбурэнняў такіх, як у прыфрантавых гарадах няма. Мясцовыя прадпрыемствы працуюць. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным)


У Каменскім перапоўнены асноўны Цэнтр турботы. Аператыўна створаныя некалькі філіяў. У горадзе зарэгістравана больш за 8 тысяч перамешчаных асобаў. Мэр Андрэй Белавусаў заклікае прыбылых трымацца ўстаноўленага парадку прыёму грамадзян і запэўнае: ніводзін не застанецца без увагі.


Сынжэрэй, Молдова. (Горад пабрацім Асіповічаў. Месціцца за 25 кіламетраў ад гораду Бельцы. Насельніцтва 15 тысяч чалавек)


У Малдове ратуюцца ад вайны больш за 96 тысяч грамадзян з суседняй краіны. 48 тысяч з іх непаўналетнія.

Паводле звестак памежнай паліцыі ад 24 лютага, калі Расея пачала поўнамаштабныя ваенныя дзеянні, у Малдову прыехалі 377 277 жыхароў Украіны. З іх 276 913 зʼехалі ў Румынію. 36 тысяч вярнуліся на радзіму, піша інфармацыйны рэсурс «СП».

У Сінгерэйскім раёне мясцовыя школы наведваюць 39 дзяцей з Украіны і 19 дзіцячыя садкі, адзначана на сайце Сінгерэйскага райсавету.

Саліст малдаўскай групы Zdob și Zdub Роман Ягупов заявіў, што калектыў падтрымаў украінскіх уцекачоў, узяўшы ўдзел у кампаніі Stand Up For Ukraine. Музыка заклікаў ахвяраваць сродкі для дзяцей, якія вымушана пакінулі радзіму, – піша інфармацыйны партал «СП».

Сотням тысяч бежанцаў – жанчынам, дзецям, старым – усё яшчэ патрэбна дапамога. Мы не апускаем рукі, – цытуе каментар Ягупава выданне. – Кожны можа чымсьці дапамагчы: часам, фактамі ці фінансавымі сродкам».

Кампанія Stand Up For Ukraine – адна з шматлікіх ініцыятываў, што зʼявілася, каб падтрымаць украінскіх уцекачоў. Паводле арганізатараў гэта «найбуйнейшая ў свеце кампанія падтрымкі ўцекачоў у сацыяльных сетках».

Фота: EPA/UPG